г.п. Глуск

Глускі раён

Mg05 GluskG
Mg05 GluskF

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 18 снежня 1996 г. № 8. 

Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 жніўня 2008 г. № № 526 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 29 жніўня 2006 г. Б-98.

Герб: У залатым полі іспанскага шчыта на зялёным падножжы чырвоны мураваны замак з круглай вежай.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча жоўтага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога – выява герба гарадскога пасёлка Глуск.

Глуск ў гістарычных крыніцах згадваецца з другой паловы XV ст. У сярэдзіне XV ст. ім валодалі Гальшанскія. Князь Юрый Гальшанскі-Дубравіцкі заснаваў Глускі замак. У 1525 годзе ён атрымаў ад вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага і караля Польшчы Жыгімонта I Аўгуста прывілей на правядзенне ў Глуску кірмашу. Пазней Глуск быў падораны князям Хадкевічам, адзін з якіх, Я. Хадкевіч, меў тытул «графа на Шклове, Быхаве, Мышы і Глуску».

Глускі замак існаваў у XVI–XVIII стст., ён быў размяшчаны на узвышанай частцы правага берага ракі Пціч. У XVI ст. Глускі замак быў акружаны земляным абарончым валам з драўлянымі сценамі і умацаваны драўлянымі вежамі, у тым ліку і ўязной.

З цягам часу замак паслядоўна пераходзіў да Заслаўскіх, Чартарыйскіх, Палубінскіх, Радзівілаў. На мяжы XVI–XVII стст. на месцы старога быў узведзены новы пяцібастыённы мураваны замак з ровам, валамі, падземным ходам. Сярод вартавых вежаў вылучалася трохярусная мураваная, на першым ярусе якой мелася ўязная брама. Верхнія ярусы мелі байніцы для кругавога абстрэлу. Заняпад замка прыпадае на канец XVIII ст.

З’яўляючыся прыватнаўласніцкім горадам, Глуск ніколі не атрымліваў магдэбургскае права, а значыць і герба, як атрыбута гарадскога самакіравання. Менавіта таму галоўнай выявай для герба Глуска быў узяты замак, які на працягу некалькіх стагоддзяў адыгрываў важную ролю ў развіцці горада. За аснову прапанаванага эскіза герба Глуска быў узяты фрагмент з карты вядомага даследчыка Беларусі XVII ст. Т. Макоўскага. На ёй адлюстравана панарама і знешні выгляд горада, у тым ліку замкавая вежа і іншыя пабудовы. Гэты фрагмент і знайшоў сваё адлюстраванне ў стылізаваным выглядзе на сучасным гербе Глуска.

Флаг створаны на аснове гербавай выявы.

Герб пасёлка зацверджаны рашэннем Глускага раённага выканаўчага камітэта ад 18 снежня 1996 г. № 24/05. Флаг і палажэнне аб iм адобраны рашэннем Глускага раённага выканаўчага камітэта ад 21 верасня 2005 года № 20-12.

Аўтары герба В.У. Шчацько і У.А. Шулякоўскі, мастак М.М. Елінская. Аўтар флага і мастак В.А. Ляхор.