г.п. Бялынічы

Бялыніцкі раён

Mg02 BelynichiG
Mg02 BelynichiF

Герб і флаг зарэгістраваны ў гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 12 лiпеня 2002 г. № 91.

Герб: У блакітным полі варажскага шчыта выява Бялыніцкай Маці Божай з немаўляці на руках у залатым адзенні.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з трох гарызантальных палос –верхняй і ніжняй блакітнага колеру і сярэдняй – жоўтага, якія складаюць адпаведна 1/4 і 1/2 шырыні палотнішча.

У аўтара сучаснага герба гарадскога пасёлка Бялынічы Л.В. Журавовіч атрымалася выключна геральдычнымі прыёмамі адлюстраваць іканаграфію Бялыніцкай Маці Божай, якая з’яўляецца самым старажытным з чатырох праслаўленых абразоў Магілёўшчыны і самай шанаванай у народзе. Сімвалам пасёлка стаў менавіта гэты абраз, які паводле падання быў напісаны Лукой і вядомы тут з 1264 г. Гэта святыня ўвайшла ў спіс 12 цудатворных абразоў і шануецца як праваслаўнымі, так і католікамі.

Нароўні з Баркалабаўскай і Магілёўска-Брацкай, выява Бялыніцкай Маці Божай з’яўляецца адным з самых вядомых сюжэтаў у Беларусі. Час яе з’яўлення навукоўцамі дакладна не вызначаны. Царкоўная легенда абвяшчае, што абраз існаваў ўжо ў Х ст., і абліччы Марыі і Ісуса былі напісаны анёлам. У пачатку XVII ст. абраз знаходзіўся ў Бялыніцкім кармеліцкім кляштары, у час вайны 1654–1667 гг. быў ў Ляхавічах (цяпер Брэсцкая вобл.), пасля чаго вярнуўся ў Бялынічы. У 1876 г. кармяліцкі касцёл быў перададзены праваслаўным вернікам разам з цудадзейным абразом. Падчас Другой сусветнай вайны абраз знік. Яго свята адзначаецца 12 красавіка.

Захаваліся шматлікія копіі абраза. Толькі на Магілёўшчыне іх дзесяць. Найбольш старажытная копія знаходзілася ў пачатку 70-х гг. ХХ ст. у Шклове. На ёй – паясная выява Маці Божай з немаўляці у левай руцэ і са скіпетрам у правай. Хрыстос трымае ў левай руцэ дзяржаву з крыжам, а правай бласлаўляе. На галовах Маці Божай і Хрыста – кароны. Срэбны фон абраза пакрыты раслінным арнаментам.

Герб і флаг гарадскога пасёлка і палажэнні аб іх зацверджаны рашэннем Бялыніцкага раённага Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 13/11.

Аўтар герба і мастак Л.В. Журавовіч.