г.п. Радашковічы

Маладзечанскі раён

M22 RadoshkovichiG
M22 RadoshkovichiF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Беларусі 23 снежня 1999 г. № 38.

Герб: У срэбным полі барочнага шчыта паясная выява Святога Стэфана, закіданага камянямі.

Флаг: Палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, з трыма касіцамі, якое складаецца з трох роўнавялікіх гарызантальных палос: верхняй – чырвонага, сярэдняй – зялёнага і ніжняй – белага колеру.

Радашковічы ўпершыню згадваюцца ў пісьмовых крыніцах пад 1447 г. з нагоды заснавання віленскім кашталянам Пятром Гедыгольдавічам касцёла Святой Тройцы. І ў далейшым населены пункт быў прыватнаўласніцкім горадам і належаў князям Вярейскім, Гаштольдам, каралеве Боне, Глябовічам, Агінскім, Радзівілам. Паводле інвентара 1549 г. у Радашковічах меўся драўляны замак, пабудаваны на насыпным ўзвышшы. У год ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569) Жыгімонт II Аўгуст падпісаў прывілей па якому Радашковічы атрымалі магдэбургскае права. У 1792 г. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пацвердзіў гэта права і, нароўні з іншымі гарадамі, надаў Радашковічам герб з рэлігійным сюжэтам – паясной выявай аднаго з хрысціянскіх святых.

Святы Стэфан – архідыякан і першапакутнік, адукаваны элініст, які пераканаўча прапаведаваў Евангелле і смела вёў спрэчкі пра веру. У сваіх казаннях ён ускладаў віну за смерць Ісуса Хрыста на Сінедрыён. У сінагогах фанатыкі абвінавацілі яго ў блюзнерстве і з дапамогай ілжывых сведак дамагліся асуджэння на смерць (кал. 35 г.). Стэфан быў забіты камянямі і стаў першым у гісторыі царквы пакутнікам. Пры пакаранні смерцю прысутнічаў Саўл (будучы Апостал Павел). У 415 г. мошчы Святога Стэфана былі перавезены ў Рым і пахаваны разам з мошчамі Святога Лаўрэнція. У хрысціянскім мастацтве Стэфана паказвалі  безбародым, апранутым у дыяканскую далматыку маладым чалавекам, у руках якога быў камень, кадзільніца ці пальмавая галіна.

Флаг Радашковічаў незвычайны па сваёй форме. У пераважнай большасці сучасныя флагі, як у Беларусі, так і ў іншых краінах, – прамавугольныя. Гэты ж мае так званыя косы, якія найбольш часта сустракаліся ў сярэднія вякі.

Герб пасёлка зацверджаны рашэннем Радашковіцкага пасялковага Савета дэпутатаў ад 23 лiпеня 1999 г. № 8.

Аўтар флага А.А. Шпунт.