г.п. Лоеў
і Лоеўскі раён

G16 LoevG
G16 LoevF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 12 студзеня 2001 г. № 46.

Герб: У блакітным полі іспанскага шчыта на зялёнай зямлі над трыма срэбнымі хвалямі срэбны Лоеўскі замак

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у ніжняй частцы якога зялёная паласа над трыма белымі хвалістымі лініямі. Пасярэдзіне правага боку палотнішча белы Лоеўскі замак.

Сам па сабе замак – сімвал надзейнага прытулку. У геральдыцы замкі нярэдка адлюстроўваюцца на гербах з вежамі і з зачыненымі ці адчыненымі брамамі на пярэднім плане, для таго, каб падкрэсліць моцнае ўмацаванне гарадоў. На гербе Лоева белы замак з адчыненай брамай нясе вялікую сэнсавую нагрузку. Брама, як і дзверы, па перакананні Г. Бідэрмана, аўтара «Энцыклапедыі сімвалаў», – «найважная складовая частка замка. Іх адчыняюць, зачыняюць. Яны – парог, мяжа. Калі праз іх праходзяць пры ўваходзе і выхадзе, то ўступаюць у іншыя жыццёвыя ўмовы, у іншы стан свядомасці, таму што яны вядуць да іншых людзей, у іншую атмасферу». Белы колер у геральдыцы сімвалізуе чысціню і праўду. У многіх сусветных культурах гэта колер ахвярнасці, прасветленасці і хараства.

Для жыхароў жа гарадскога пасёлка Лоева замак цалкам канкрэтны ў іх уласнай гісторыі. З XIV да XVIII ст. тут існаваў Лоеўскі замак, вакол якога размяшчаліся паселішчы гараджан. У пісьмовых крыніцах гэта месца ўпершыню згадваецца у 1505 г. як Лоева Гара, калі крымскія татары, якия пераправілисяя праз Днепр, дашчэнту спалілі Лоеў. У XVI ст. некалькі разоў замак і прылеглыя да яго паселішчы падвяргаліся разбуральным нападам татараў. Тут яшчэ жывыя легенды аб гераічнай абароне жыхароў, цэнтрам якой з’яўляўся замак.

Паколькі Лоеў стаіць на правым маляўнічым беразе Дняпра, у вусце ракі Сож, на гербе змешчаны таксама зялёная паласа, на якой стаіць замак, і серабрыста-блакітныя хвалістыя лініі, якія сімвалізуюць Дняпро – адну з самых вялікіх рэк Беларусі.

Герб і флаг прыняты рашэннямі Лоеўскага раённага выканаўчага камітэта ад 19 снежня 2000 г. № 575 і раённага Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2000 г. № 46.

Аўтар герба і флага М.М. Елінская.