в. Рыдзігерава

Лунінецкі раён

B38 RedigerovoG

Герб заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 снежня 2008 г. № 659 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 23 студзеня 2009 г. № Б-152.

Герб: Варажскі шчыт, які мае дзяленне на чатыры часткі. У верхнім правым і ніжнім левым палях блакітнага колеру – па срэбнай лілеяпадобнай кветцы, у верхнім левым і ніжнім правым палях чырвонага колеру – па залатым лістку лубіну.

Рыдзігерава – адна з самых маладых вёсак раёна. У 1906 г. уладальнік тутэйшых зямель заклаў 25 тысяч гектараў у Мінскі зямельны банк. Сюды была накіравана экспедыцыя, якую ўзначаліў вучоны аграном-меліяратар У.Р. Рыдзігер (1878–1971). Па яго ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле былі створаны доследная балотная станцыя і «ліквідатарскі штаб», задачай якога было раздрабніць землі на хутары i ацаніць кожны з іх па катэгорыі зямлі. Па прозвішчах каморнікаў-інжынераў Ю. Манасеева і А. Флёрава і гідратэхніка Р. Чарабасава былі названы аб’екты, потым – хутары, а з 60-х гадоў ХХ стагоддзя вёскі Манасеева, Флёрава, Чарабасава. У цяперашні час яны складаюць адзін сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў. Тут, на асушаных землях, вырошчвалі лубін двух гатункаў, што стварае трывалую кармавую базу для жывёлагадоўлі.  У гэтай галіне мясцовы СВК забяспечыў сабе лідэрства ў раёне.

Два гатункі лубіна, якія вырошчваюцца ў Рыдзігерава, адлюстраваны ў чатырохчастковым дзяленні герба вёскі. Папераменныя палі і фігуры, пры якіх класічна спалучаюцца срэбра ў блакітным і золата ў чырвоным, падкрэслілі арганізаваную дзейнасць па вырошчванню лубіну.

Такога кшталту падзел і размяшчэнне сімвалаў даволі часта сустракаюцца ў заходнееўрапейскай геральдыцы. Аналагам могуць служыць, напрыклад, герб Барселоны (Іспанія), на якім папераменна размешчаны роўнаканцовыя чырвоныя крыжы ў срэбным полі і па чатыры чырвоныя слупы ў залатым. На гербах Утрэхта і Хільдбургхаўзена (Германія) папераменна паўтараюцца львы ў розных позах.

Аўтар герба – М.М. Елінская, мастак – В.А. Ляхор