в. Лахва

Лунінецкі раён

B25 LakhvaG

Герб заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 снежня 2008 г. № 659 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 23 студзеня 2009 г. № Б-150.

Герб: Варажскі шчыт, які мае вілападобнае дзяленне, у верхнім блакітным полі якога срэбная лілеяпадобная кветка, у правым чырвоным – распушчанае срэбнае крыло птушкі, злучанае ў аснове з чырвоным ласіным рогам, размешчаным у левым срэбным полі.

Археалагічныя даследаванні даказалі існаванне ў ваколіцах Лахвы першабытных стаянак, датаваных раннім жалезным векам. У XV ст. Лахва належала троцкаму ваяводзе Пятру Мантыгірдавічу, правы якога на яе былі пацверджаны вялікім князем Аляксандрам. Пісьмовых крыніц па гісторыі Лахвы, у адрозненне ад іншых населеных пунктаў, захавалася даволі шмат: акты куплі-продажу, і тастаменты, у якіх згадваецца Лахва, і акты каралёў польскіх, вялікіх князёў літоўскіх, якія пацвярджаюць валоданне ўласнасцю. Відавочна, гэта тлумачыцца тым, што Лахва была ва ўласнасці вядомых магнатаў, якія жылі некалі ў Вялікім Княстве Літоўскім (у прыватнасці Радзівілаў – Яна Мікалая і Мікалая Крыштафа). У XVII ст. Лахва мела 166 двароў, некалькі вуліц, рынкавую плошчу. Яе жыхары займаліся як сельскай гаспадаркай, так і рамяством.

Распрацоўшчыкі герба паклалі ў яго аснову тутэйшую непаўторную прыроду. Вёска размешчана каля ракі Смердзь, якая раней называлася Лахва і працякала паблізу Прыпяці. Побач – вялікія пушчы і непраходныя Грычынскія балоты. Жывапісныя, некранутыя лясы і рэкі заўсёды прыцягвалі сюды людзей заможных і ўплывовых. Князі Радзівілы арганізоўвалі ў гэтых багатых на звяроў і рыбу мясцінах маштабныя паляванні, згадкі пра якія пакінулі ў мемуарах іх ўдзельнікі.  Сёння расказы аб гэтых княжацкіх ловах перадаюцца як мясцовыя паданні. Уладзімір Караткевіч у сваім нарысе «Зямля пад белымі крыламі», назва якога стала ледзь не сінонімам нашай Беларусі, адзначаў: «Рака з непрыгожым назвай Смердзь ёсць, аднак, адна з найпрыгажэйшых рэчак, якія мне даводзілася бачыць у маім жыцці».

Вілападобны крыж, адна з асноўных фігур у геральдыцы, падзяляе поле на тры часткі, але адначасова аб’ядноўвае геральдычны сюжэт ў адзінае цэлае. Сукупнасць усіх прыродных кампанентаў складае своеасаблівасць любога рэгіёна. У дадзеным выпадку, гэта адзінства ўвасоблена ў трох постацях: раслінны свет прадстаўлены Лабеліяй Дортмана, птушкі – срэбным крылом мышалова, жывёлы – рогам лася

Аўтар герба и флага М.М. Елінская, мастак В.А. Ляхор.