в. Варацэвічы

Іванаўскі раён

B09 VorotsevichiG
B09 VorotsevichiF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2011 г. № 101 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 15 сакавіка 2011 г. № Б-198 і № Б-199.

Герб: Варажскі шчыт, рассечаны “ў слуп”, правае поле чырвонае, у левым размешчаны 12 чорна-зялёных урубаў. У цэнтры гербавага поля – аголены срэбны меч з залатой рукаяццю, вастырём уніз. Справа і злева ад яго ў цэнтры палёў залатыя паўмесяцы, звернутыя рагамі ў вонкавы бок.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча жоўтага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтральнай частцы якога – выява герба вёскі Варацэвічы Іванаўскага раёна.

Пры стварэнні новага герба для вёскі Варацэвічы быў выкарыстаны шляхецкі герб «Астоя». Гэты прыватнаўласніцкі герб належаў роду Ордаў. Самы вядомы прадстаўнік яго – Напалеон Орда, піяніст, кампазітар, мастак, шырока вядомы далёка за межамі Беларусі. Яго імя, у прыватнасці, упісана ў гісторыю Францыі, паколькі ў сярэдзіне 1840-х гадоў ён быў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы. Мастак пакінуў пасля сябе унікальную жывапісную спадчыну. Напалеон Орда нарадзіўся ў вёсцы Варацэвічы Пінскага павета Мінскай губерні 11 лютага 1807 г. i некаторы час пражываў там пасля вяртання з-за мяжы.

Яго землякі, шануючы памяць аб ўслаўленым мастаку і патрыёце Беларусі, палічылі мэтазгодным захаваць яго радавы знак на гербе сваёй вёскі.

Тым не менш, герб населенага пункта павінен мець адрозненні ад шляхецкага радавога знака. Таму левая частка герба прадстаўлена чорна-зялёнымі ўрубамі. Гэта геральдычная фігура заклікана адлюстроўваць асаблівасці ландшафту мясцовасці – багацце непраходных балотаў Прыпяцкага Палесся, якія чаргуюцца шырокімі ляснымі масівамі. Геральдычная фігура ўрубы выкарыстана ў беларускай тэрытарыяльнай геральдыцы яшчэ двойчы: на гістарычным гербе Нясвіжа і сучасным Салігорска.

Флаг вёскі Варацэвічы Іванаўскага раёна спраектаваны з асноўных колераў герба з выкарыстаннем выявы герба.

Герб і флаг в. Варацэвічы адобраны рашэннем Снітаўскага сельскага Савета дэпутатаў ад 19 мая 2010 г. № 5.

Аўтар герба і флага М.М. Елінская, мастак В.А.Ляхор.