г.п. Шарашэва

Пружанскі раён

B43 ShereshovoG

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 28 верасня 1998 г. № 26.

Герб: У срэбным полі барочнага шчыта на зялёных пагорках пад пальмай выява Святога Гаўрыіла ў чырвона-залатым адзенні са срэбнай лілеяй у правай руцэ.

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў першай палове 1792 г. надаў гербы цэламу шэрагу беларускіх гарадоў. Па сваіх геральдычным сюжэтах яны не адрозніваліся ад тых, што атрымалі ад яго папярэднікаў іншыя гарады. Некаторыя з іх мелі рэлігійнае напаўненне. Лікі святых, выкананыя мастакамі-геральдыстамі XVIII ст., захаваліся на каралеўскіх прывілеях, якія ў цяперашні час захоўваюцца ў архівах. У Дзяржаўны геральдычны рэгістр Рэспублікі Беларусь унесены гербы Радашковічаў з выявай Святога Стэфана, Шарашэва – з архангелам Гаўрыілам, Барысава (14 чэрвеня) – з апосталам Пятром. Сёння яны маюць сучасную ізаграфію, аднак не страцілі сваёй каштоўнасці і дагэтуль, бо гарадскія гербы XV–XIX стст. з упэўненасцю можна аднесці да гісторыка-геральдычнай спадчыны Беларусі.

На гербе Шарашэва размешчана выява Святога Гаўрыіла – аднаго з сямі архангелаў. Імя гэтага святога паходзіць ад старажытнаяўрэйскага «муж Божы», «Бог ёсць сіла». У Евангеллі апавядаецца, што Гаўрыіл быў галоўным пасланнікам Бога Айца, вартаўніком нябеснага Храма ад сілаў зла, д’ябла і ведзьмаў. Як пасланнік Госпада, ён вытлумачыў сон прарока Данііла, звеставаў Захарыі  нараджэнне Іаана, а Прасвятой Дзеве Марыі – нараджэнне Збавіцеля. Ён быў «вялікім праведнікам нараджэнняў», у тым ліку Самсона, Іаана Хрысціцеля і Ісуса Хрыста. Гэты святы быў заступнікам парадзіх, анёлам міласэрнасці.

Святы Гаўрыіл – папулярная фігура ў хрысціянскім мастацтве. Часцей за ўсё яго можна пабачыць у сцэне Звеставання Марыі ў абліччы прыгожага маладога чалавека са стракатымі крыламі, апранутага ў далматын або мантэлу. Як правіла, у руках ён трымае лілею, скіпетр, аліўкавую галіну або скрутак з надпісам «Ave Maria, Gratia Plena», што ў перакладзе з латыні азначае “Вітай, Марыя, поўная ласкі». Такім ён увасоблены і на гербе з прывілею 1792 г. У рэканструкцыі герба ў руцэ Святога Гаўрыіла пакінута толькі белая лілея. Гэта кветка, як піша А.Б. Лакіер, «почитается особливо за знак добрыя надежды и непорочнаго жития, и похож цветок сей не только по внешнему своему виду, чистый и изрядный цвет; но и по внутреннему своему свойству, приятный запах, некоторую полезную силу имеет, того ради и те, которые употребляют лилии в своих гербах, имеют быть добрых, справедливых и честных».

Герб Шарашэва і палажэнне аб ім былі зацверджаны рашэннем Шарашэўскаго пасялковага савета дэпутатаў ад 26 жнiўня 1998 г. № 43.