г. Чашнікі
Чашніцкі раён
Герб заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2006 года № 36 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 6 лютага 2006 года № Б-72.
Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2009 г. № 277 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 4 чэрвеня 2009 г. № Б-170.
Герб: У чырвоным полі іспанскага шчыта срэбная крэпасць на трох зялёных горках, над ёй герб “Радван” – залатая царкоўная харугва з трыма канцамі, над якой размешчаны залаты крыж.
Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з трох частак. Цэнтральная частка палотнішча белага колеру з бела-зялёнай аблямоўкай мае выгляд вастрыя, размешчанага гарызантальна вяршыняй да правай кромкі, верхняя і ніжняя часткі – чырвонага колеру. У дрэўкавай частцы белага вастрыя – выява герба горада Чашнікі.
У XVI ст. Чашнікі ўваходзілі ў Полацкае ваяводства Вялікага Княства Літоўскага і паслядоўна належалі Лукомскім, Кішкам, Сапегам, Патоцкім, Валадковічам.
Аўтары герба Чашнікаў пры яго стварэнні, па ўсёй бачнасці, зыходзілі з ландшафтных асаблівасцяў горада і яго гісторыі. Існуе некалькі версій паходжання назвы горада, якія знайшлі сваё адлюстраванне ў гербе.
«Чашнік» ў Вялікім Княстве Літоўскім – прадстаўнік княжацкай адміністрацыі, у абавязкі якога ўваходзіла наліваць вялікаму князю напоі ў чашы, якія падносіў падчашы. Такім чынам, архітэктурнае збудаванне на гербе – гэта стылізаваная выява крэпасці, замка, княжацкага двара, пры якім былі пасады чашнікаў і падчашага.
Крэпасць стаіць на трох пагорках зялёнага колеру, сярэдні з якіх – ніжэйшы за іншыя. Такой канфігурацыяй падножжа на гербе яго аўтары імкнуліся перадаць месцазнаходжанне горада, які стаіць у нізіне, нібы «ў чашы» адносна паверхні Лукомскага возера.
Аднак выява нейкага абстрактнага збудавання, на думку яго стваральнікаў, недастаткова поўна перадавала канкрэтныя роды, якія валодалі гэтым мястэчкам. Для гэтага быў ужыты распаўсюджаны метад складання гербаў, а менавіта – размяшчэнне ў полі шчыта шляхецкага герба.
«Радван» – радавы герб Валадковічаў, якія значны час валодалі мястэчкам Чашнікі (пачынаючы з 1774 г.) i ўнеслі пэўны ўклад у эканамічнае развіццё Чашнікаў. У прыватнасці, пры іх была пабудавана папяровая фабрыка «Скіна» (пазней «Чырвоная Зорка»).
Герб адобраны рашэннем Чашніцкага раённага выканаўчага камітэта ад 21 чэрвеня 2002 г. № 253. Флаг адобраны рашэннем Чашніцкага раённага выканаўчага камітэта ад 4 лістапада 2008 г. № 769.0.
Аўтары герба В.В. Караблин – інжынер-канструктар Лукомльскай ДРЭС і С.М. Мяфодзьеў – ст. пажарны на аб’ектах Лукомльскай ДРЭС). Аўтар флага В.В. Караблін.