Гродзенская вобласць
Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 г. № 279 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 4 ліпеня 2007 года № Б-104 і № Б-105.
Герб: У чырвоным полі французскага шчыта залаты зубр. Герб увянчаны вялікай залатой гарадской каронай. Шчыт апраўлены залатымі дубовымі галінамі, перавітымі андрэеўскай стужкай блакітнага колеру.
Флаг: Прамавугольнае палотнішча чырвонага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога размешчана выява герба Гродзенскай вобласці без дубовых галінак і стужкі, якая іх абвівае.
Гродзенская губерня была ўтворана 9 (21) верасня 1801 г. у выніку падзелу Літоўскай губерні на Віленскую і Слонімскую. 28 жніўня (9 верасня) 1802 г. апошняя была перайменавана ў Гродзенскую з цэнтрам у Гродна.
11 (23) чэрвеня 1802 г. быў зацверджаны герб Гродзенскай губерні з выявай у верхняй частцы шчыта зубра ў срэбным полі. Пасля 1845 г. у гербе губерні на шчыце застаўся зубр у чырвоным полі. У 1878 г. на яе «найвысока» зацверджаным імператарам Аляксандрам II гербе змянілася выява фігуры зубра; герб атрымаў імператарскую карону, яго апраўляе вянок з залатых дубовых лiстоў, перавітых Андрэеўскай стужкай блакітнага колеру.
Герб вобласці, заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дапрацаваны з улікам гісторыка-геральдычнага развіцця. Захавана галоўная геральдычная фігура – залаты зубр у чырвоным полі. Яго поза і размяшчэнне такія ж, як на гербе XIX ст., што з’яўляецца ў геральдыцы вызначальным. Сучасным дызайнерам унесены толькі нязначныя змены ў ізаграфію, што непазбежна пры ўзнаўленні гістарычных гербаў. Гэта і адрознівае творы мастакоў-геральдыстаў розных эпох, якія працуюць у адпаведнасці з эстэтыка-мастацкімі тэндэнцыямі развіцця геральдычнага мастацтва сваёй эпохі.
Замест вялікі кароны Расійскай імперыі герб Гродзенскай вобласці вянчае пяцізубцовая гарадская карона. Змена геральдычнай кароны адной формы на іншую адбылася па цалкам зразумелых прычынах. Зняцце сімвала вялікадзяржаўнасці добра вядомых абрысаў з сучаснай геральдыкі Беларусі дазволіла аўтаматычна падняць статус так званых гарадскіх геральдычных карон. Такая ж карона вянчае адноўлены гістарычны герб Віцебскай вобласці.
Флаг Гродзенскай вобласці перадаецца змяшчэннем герба без дубовых галінак і стужкі ў цэнтр правага боку палотнішча чырвонага колеру як сімвала барацьбы, перамогі і доблесці.
Герб і флаг Гродзенскай вобласці і палажэнні аб іх адобраны рашэннем Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ад 27 красавіка 2006 г. № 252.
Аўтар рэканструяванага герба і флага І.У. Працко.