г.п. Поразава
Свіслацкі раён
Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 № 279 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 4 чэрвеня 2009 г. № Б-118 і № Б-119.
Герб: Барочны шчыт, у блакітным полі якога на залатым паўмесяцы постаць Дзевы Марыі ў залатой кароне, чырвона-сінім адзенні, у руках якой немаўля Ісус у залатой кароне, белым адзенні. Над іх галовамі – залатыя німбы
Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога на жоўтым паўмесяцы постаць Дзевы Марыі ў кароне жоўтага колеру, чырвона-сінім адзенні, на руках якой немаўля Ісус у жоўтай кароне, белым адзенні. Над іх галовамі – німбы жоўтага колеру.
Па пісьмовых крыніцах Поразава вядома з XV ст. як каралеўскае мястэчка ў Ваўкавыскім павеце Новагародскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1523 г. кароль Жыгімонт I (1506–1548) надаў мястэчку магдэбургскае права, ў 1616 г. Поразава атрымала адзін з атрыбутаў гарадскога самакіраванне – герб.
На працягу XVII–XVIII стст. гарадскія вольнасці не раз пацвярджаліся граматамі вярхоўнай улады. На архіўных дакументах гэтага перыяду зафіксаваны гарадскія пячаткі, датаваныя 1616 і 1720 гг. Яны ў свой час былі апублікаваны А.К. Цітовым. На іх выразна бачны постаці Дзевы Марыі і немаўля Ісуса. Менавіта гэтыя пячаткі паслужылі асновай для аднаўлення гістарычнага герба гарадскога пасёлка Поразава.
Сюжэт, размешчаны на гербе, называецца «Жонка, адзетая ў сонца». Гэта сімвалічны персанаж Адкрыцця Іаана Багаслова (12:1-17): «…з’явілася на небе вялікая азнака – жонка, адзетая ў сонца; пад нагамі ў яе месяц, і на галаве ў яе вянок з дванаццаці зорак. Яна мела ва ўлонні, і крычала ад болю і родавых пакутаў». Вобраз Жонкі мае розныя багаслоўскія тлумачэнні, сярод якіх дамінуе разуменне яго як хрысціянскай царквы ў перыяд ганенняў, а таксама перамогі над варожымі сіламі.
Архібіскуп Андрэй Кесарыйскі ў сваім тлумачэнні Апакаліпсісу таінства хрышчэння звязвае з сімвалам Месяца. У сімволіцы Месяц разам з Сонцам з’яўляецца найважнейшым з нябесных свяцілаў і трактуецца як жаночы пачатак. І калі Сонца тлумачыцца як вобраз Бога, то Месяц як чалавек, які атрымлівае ад Сонца святло. Паўмесяц, павернуты ў выглядзе чашы, разглядаецца як пасудзіна. Якая змяшчае духоўную энергію. Ён цесна звязаны з вобразам Дзевы Марыі, якая і ёсць жыццё – змесціва гэтай чашы.
Флаг гарадскога пасёлка Поразава сканструяваны на аснове галоўнай гербавай выявы, па аналогіі з флагам горада Мінска.
Герб і флаг г.п. Поразава Свіслацкага раёна адобраны рашэннем Поразаўскі пасялковага Савета дэпутатаў ад 10 лістапада 2006 г. № 64.
Мастак В.А. Ляхор.