г.п. Астравец
і Астравецкі раён
Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 № 279 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 4 чэрвеня 2009 г. № Б-122 і № Б-123.
Герб: Варажскі шчыт, перасечаны хвалістым поясам, зялёнага колеру, у верхнім срэбным полі якога дуб натуральнага колеру з зялёным лісцем, у ніжнім блакітным – срэбная стронга, звернутая ў правы бок.
Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з трох роўнавялікіх вертыкальных палос: левай – блакітнага, сярэдняй – белага, правай – зялёнага колеру. У цэнтры правага боку палотнішча – выява герба гарадскога пасёлка Астравец і Астравецкага раёна.
Астравец, які размешчаны на рацэ Лошы, вядомы па пісьмовых крыніцах з 1468 г., калі кіеўскі ваявода Марцін Гаштольд заснаваў тут касцёл і кляштар дамініканцаў. Астравец уваходзіў у Віленскае ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Акрамя прадстаўнікоў магнацкага роду Гаштольдаў герба «Абданк», Астраўцом валодалі Карыцкія і Корсакаў. З 1795 г. пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Астравец увайшоў у склад Расійскай імперыі, знаходзіўся ў Віленскім, а пазней Ашмянскім паветах Віленскай губерні, належаў памешчыкам Кастравіцкім і інш.
Па тэрыторыі Астравецкага раёна, размешчанага ў Нарачана-Вілейскай нізіне, з паўднёвага ўсходу на паўночны захад працякае галоўная рака Вілія, якая мае некалькі прытокаў. Чыстыя рэкі служаць месцам рассялення ручаёвай стронгі (S.t. trutta morpha fario). Астравецкі рэгіён з’яўляецца адным з нямногіх прымальных для яе арэалаў пасялення.
Адлюстраванне менавіта прыроднай непаўторнасці і асаблівасцяў краю з’явілася прыярытэтным для жыхароў Астраўца і Астравецкага раёна пры выбары сюжэту для свайго герба. Хоць вывучэнне шматвяковай гісторыі гарадскога пасёлка дазваляла грунтавацца і на іншых сімвалах, у прыватнасці радавой геральдыцы былых уладальнікаў, якая неаднаразова выкарыстоўвалася пры стварэнні сучасных гербаў.
У гербе выкарыстана папярочнае дзяленне, але не па прамой лініі, як у гербах Мастоў і Свіслачы. Такое сячэнне у геральдыцы прынята называць «паніжаным хвалістым поясам», які ў дадзеным гербе сімвалізуе рэкі Вілію, Лошу, Ашмянку, Сарачанку, Страчу. У верхнім срэбным полі размешчаны дуб, як адна з добра вядомых рэліктавых раслін рэгіёна. У ніжнім блакітным полі ў геральдычна правы бок звернута рыбіна – срэбная стронга.
Герб і флаг адобраны рашэннем Астравецкага раённага Савета дэпутатаў ад 29 верасня 2006 года № 20/04.
Аўтар герба М.М. Елінская, мастак В.А. Ляхор.