г.п. Вялікая Бераставіца
і Бераставіцкі раён
Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2006 г. № 455 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 1 жніўня 2006 года № Б-86 і № Б-87.
Герб: У срэбным полі барочнага шчыта на зялёным падножжы вавёрка чырвонага колеру, над якой залатая шляхецкая карона.
Флаг: Прамавугольнае палотнішча белага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у ніжняй частцы правага бока размешчана гарызантальная паласа зялёнага колеру, якая складае 1/5 яго шырыні. У цэнтры на паласе выява чырвонай вавёркі, над якой шляхецкая карона жоўтага колеру.
У пачатку XVI ст. Вялікая Бераставіца – уладанне наваградскага ваяводы Аляксандра Іванавіча Хадкевіча, якое ён атрымащ ад вялікага князя літоўскага і караля польскага Аляксандра. З другой паловы XVII ст. – уладанне Мнішкаў, з апошняй чвэрці XVIII ст. належала Патоцкім, пазней –Касакоўскім. Афіцыйна мястэчкам стала згодна прывілею 1725 г. караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II.
Доказы таго, што ў Вялікай Бераставіцы існавала магдэбургскае права і герб, знойдзены ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва ў Гродна кандыдатам гістарычных навук Г.М. Семянчуком. Менавіта са зместу знойдзеных ім дакументаў было зроблена заключэнне аб наданні 2 жніўня 1754 г. Аўгустам III жыхарам Вялікай Бераставіцы магдэбургскага права і герба. На гарадской пячатцы прысутнічае яго выява: у авальным шчыце сядзіць вавёрка на зямлі, над шчытом – шляхецкая карона. Архіўныя матэрыялы паслужылі асновай для рэканструкцыі гістарычнага герба.
Варта падкрэсліць, што шлях стварэння новага герба, у дадзеным выпадку аднаўленне гістарычнага, калі спецыялістамі-гісторыкамі вядзецца адпаведная даследчая праца, а мастакамі-прафесіяналамі ўзнаўляецца гістарычны сюжэт з улікам сучасных эстэтычных патрабаванняў і правілаў геральдыкі, з’яўляецца найбольш прадуктыўным.
Флаг сканструяваны з выкарыстаннем асноўнай геральдычнай фігуры і колераў.
Герб, флаг і палажэнні аб іх адобраны Рашэннем Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта ад 24 мая 2004 года № 151 і рашэннем раённага Савета дэпутатаў ад 3 чэрвеня 2004 года № 47.
Мастак В.А. Ляхор.