г. Шчучын
Шчучынскі раён
Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2006 г. № 455 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 1 жніўня 2006 года № Б-84 і № Б-85.
Герб: У блакітным полі барочнага шчыта залатая карона, пад ёй – срэбная манаграма «I» і «S».
Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога – карона жоўтага колеру, пад ёй – манаграма «I» і «S» белага колеру.
Першая згадка пра Шчучын адносіцца да XV ст. Яго першымі ўладальнікамі былі князі Радзівілы. У XVIII ст. уладальнікам горада быў Юрый (Ежы) Юзэфовіч-Глябіцкі. Згодна з Метрыкай Вялікага Княства Літоўскага 26 лістапада 1718 г. горад атрымаў каралеўскі прывілей на адзін кірмаш і штотыднёвыя таргі. У сярэдзіне XVIII ст. Шчучын перайшоў да сваякоў Юзэфовічаў-Глябіцкіх – шляхецкага роду Сцыпіёнаў дэ Кампа, які мае італьянскае паходжанне.
Вялікую ўвагу да Шчучына праявіў падстолі літоўскі, генерал-маёр Ігнацій Сцыпіён (1728–1791). Пры ім у горадзе набылі вядомасць кляштар і калегіюм ордэна піяраў, была заснавана адна з першых на тэрыторыі Беларусі аптэк і батанічны сад. Сучаснікі разглядалі Шчучын як «цэнтр навукі, асветы і дабрачыннасці». 23 мая 1761 г. Ігнацій Сцыпіён атрымаў каралеўскі прывілей на гарадское самакіраванне і гандаль, што фактычна прыраўноўвала Шчучын да ліку гарадоў з магдэбургскім правам.
Першапачатковая выява герба павінна знаходзіцца ў прывілеі, месцазнаходжанне якога на сённяшні дзень не вядома. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі выяўлены дакумент, згодна з якім Шчучын атрымаў свой герб па прывілею караля Рэчы Паспалітай Аўгуста III. Гэты дакумент называецца «Актыкацыя Прывілея Шчучыну на Магдэбургскае права ў Лідзе ад 12 кастрычніка 1761 году». Згодна з ім Шчучынскае мясцовае самакіраванне атрымала пячатку з манаграмай ўладальніка Ігнація Сцыпіёна (якая складаецца з першых літар яго імя і прозвішча – IS) і шляхецкай каронай.
Паколькі колеравая гама ў архіўнай крыніцы не вызначана, правілы геральдыкі давалі магчымасць выбраць адно з найбольш распаўсюджаных спалучэнняў металаў і эмаляў – золата на чырвоным або срэбра на блакітным. Манаграма «IS», павінна была быць выканана ў ізаграфічным стылі 2-й паловы XVIII стагоддзя.
Флаг горада Шчучына сканструяваны па правілах вексілалогіі з выкарыстаннем колераў і асноўных фігур герба.
Герб і флаг г. Шчучына адобраны рашэннем Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта ад 9 лiстапада 2005 г. № 612.
Мастак В.А. Ляхор