г. Смаргонь

Смаргонскі раён

Gr29 SmorgonG
Gr29 SmorgonF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 снежня 2004 года № 590 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 16 снежня 2004 г., № Б-19 і № Б-20.

Герб: У срэбным полі іспанскага шчыта на чырвоных кратах стаіць на задніх лапах чорны мядзведзь, у пярэдніх лапах якога герб Радзівілаў – у блакітным полі тры чорныя паляўнічыя ражкі, злучаныя ў цэнтры муштукамі.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2. У цэнтры знаходзіцца белая паласа, адпаведная 1/7 шырыні палотнішча. Паласа суправаджаецца зверху дзвюма спаранымі палосамі блакітнага і чырвонага колеру, якія складаюць па 1/14 шырыні, знізу – паласой чорнага колеру, якая складае 1/7 шырыні палотнішча. Па краях флага размешчаны белыя гарызантальныя палосы, якія адпавядаюць 2/7 шырыні палотнішча.

Смаргонь вядома з XV ст. як прыватнаўласніцкае мястэчка Зяновічаў, з першай паловы XVII ст. ёю валодалі князі Радзівілы і Пшаздзецкія. У XVII ст. Радзівілы заснавалі школу дрэсіроўкі мядзведзяў – «Смаргонскую акадэмію». Гэта іранічная назва трывала ўвайшла ў гістарычную тэрміналогію і азначае промысел, звязаны з адловам і навучаннем мядзведзяў розным трукам. Мядзведзяў дрэсіравалі недалёка ад горада, на так званых «французскіх узгорках». Маладога мядзведзя вывучалі ў некалькі заходаў: па дзве-тры жывёлы саджалі ў клетку з металічным дном, ставілі зверху выкапанай ямы, на дне якой раскладалася вогнішча. На распаленай рашотцы мядзведзь ўставаў на заднія лапы, пачынаў «танчыць» і ў гэты час чуліся гукі бубна, свістка і г.д.

Гэта быў вельмі прыбытковы промысел. Павадыры (або інакш «мядзведнікі») з абучанымі звярамі хадзілі ў заробкі па кірмашах не толькі на тэрыторыі Беларусі, але таксама ў Расіі, Венгрыі, Германіі і іншых краін, дзе вялі таксама прыбытковы гандаль дрэсіраванымі мядзведзямі. Менавіта гэты факт з гісторыі горада быў пакладзены ў аснову гербавага сюжэту Смаргоні.

Прыналежнасць населенага пункта князям Радзівілам адлюстравана ў іх гербе, які трымае мядзведзь. Выкарыстанне радавой геральдыкі ў сучаснай тэрытарыяльнай сімволіцы Беларусі даволі распаўсюджаны прыём. Ён зразумелы жыхарам горада, выхоўвае ў іх цікавасць і павагу да сваёй гісторыі.

Герб і флаг г. Смаргоні адобраны рашэннем Смаргонскага раённага Савета дэпутатаў ад 11 красавiка 2003 г. № 2-15.

Аўтар герба і флага М.М. Елінская, мастак А.У.Леўчык.