г. Ашмяны
Ашмянскі раён
Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад № 17 ліпеня 2006 г., № 455 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 1 жніўня 2006 года № Б-82 і № Б-83.
Герб: Французскі шчыт, які мае перакулена-вілападобнае дзяленне. У правым чырвоным полі – рука, якая трымае залатыя шалі, у левым блакітным – залаты шчыт, у ніжнім срэбным – чырвонае цяля.
Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, вертыкальна падзеленае на дзве роўнавялікія часткі: правую – блакітную і левую – чырвоную. У цэнтры правага боку палотнішча размешчаны герб горада Ашмяны.
Некаторыя навукоўцы мяркуюць, што паселішча на месцы сучасных Ашмянаў існавала ўжо ў XI ст. Па пісьмовых крыніцах Ашмяны вядомы з 1341 г. як населены пункт Віленскага княства і крэпасць літоўскіх князёў. На працягу ўсяго XIV ст. Ашмяны цярпелі ад нападаў на крыжакоў. Пасля Грунвальдскай бітвы і разгрому нямецкі рыцараў Ашмяны ўвайшлі ў склад Віленскага ваяводства (1413 г.), а з 1566 г. – сталі цэнтрам аднаго з найбуйнейшых паветаў Вялікага Княства Літоўскага. Магдэбургскае права было нададзена гораду ў XVI ст., але атрыманы ім герб адносіцца да 1792 г. Больш раннія гербавыя знакі Ашмянаў пакуль не вядомы. Можна выказаць думку, што ў магістраце існавала нейкая гарадская пячатка, але дакументы, змацаваныя ёю, не перажылі разбурэнняў, войнаў і пажараў.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Ашмяны ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Годам раней, у 1792 г., кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў герб Ашмянам. Ён уяўляў сабой срэбны трохчасткавы шчыт з выявай ў адпаведных палях рукі з шалямі, шчыта і прыватнага герба роду Панятоўскіх – «Цяля» і надпісам у ніжняй частцы «Memoria Stanislai Augusti. 1792.». Грамата апошняга польскага караля з выявай герба ў круглай аправе сёння захоўваецца ў Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў (г. Масква).
У 1845 г. быў зацверджаны новы герб Ашмянаў і Ашмянскага павета, выкананы ў адпаведнасці з агульнай канцэпцыяй развіцця тэрытарыяльнай геральдыкі Расійскай імперыі: у верхняй частцы герба адлюстроўваўся герб ўсёй губерні, у ніжняй – герб горада. На ашмянскім гербе ў перасечаным шчыце, у верхняй палове адлюстроўваўся герб Віленскай губерні – у чырвоным полі срэбны вершнік з узнятым мячом і шчытом. У ніжняй частцы замест радавога герба былога караля быў прадстаўлены ў блакітным полі мядзведзь з наступным тлумачэннем: «В знак занятия жителей охотою за медведями».
Зацверджаны Указам Кіраўніка дзяржавы герб Ашмянаў ўяўляе сабой сінтэз двух існуючых гістарычных гербаў, якія на працягу канца XVIII – пачатку XX стст. з’яўляліся сімваламі горада. Такое аб’яднанне кампазіцыі першага і колераў другога гербаў падаецца правамерным.
Герб, флаг і палажэнні аб іх зацверджаны рашэннем Ашмянскага раённага Савета дэпутатаў ад 1 ліпеня 2005 № 11-1.
Аўтар рэканструкцыі герба М.М. Елінская, мастак В.А. Ляхор.