Беларускі вытворча-гандлёвы канцэрн лясной,
дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці
«Беллеспаперапрам»
Эмблема: уяўляе сабой круг зялёнага колеру, на якім размешчана стужка-скрутак серабрыстага колеру з надпісам «КОНЦЕРН БЕЛЛЕСБУМПРОМ» зялёнага колеру ў два радкі. Над стужкай — квадраты жоўтага, аранжавага, карычневага і жоўтага колераў, якія размешчаны на вугал у выглядзе стылізаванай елкі. Ніжэй за стужку — спіл дрэва жоўта-аранжавага колеру з карой карычневага колеру. Круг і стужка абрамлены стылізаванай выявай зубоў дыскавай пілы серабрыстага колеру з унутранай і знешняй аблямоўкай таго ж колеру.
Аснова эмблемы — спіл дрэва, дрэўныя пліты, скруткі-рулоны паперы — адлюстроўваюць асноўныя напрамкі вытворчай дзейнасці прадпрыемстваў канцэрна і віды прадукцыі. На прызначэнне віду дзейнасці прадпрыемстваў канцэрна паказваюць колеры: лес (сыравіна) — зялёны, драўніна — жоўты, аранжавы і карычневы, інструмент (зубы дрэваапрацоўчага пілавальнага абсталявання) — сталёвы (серабрысты), папера — белы (серабрысты). Назву канцэрна раскрывае надпіс на эмблеме «КОНЦЕРН БЕЛЛЕСБУМПРОМ».
Дапускаецца варыянт эмблемы ў адзін або ў два колеры пры нанясенні яе на нагрудны знак, фрачнік (значок) або сувенірную прадукцыю.
Заснавана Загадам канцэрна ад 28.05.2021 № 87.
Зарэгістравана ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 15.06.2021. Нумар рэгістрацыі У-1673.
Флаг: уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча зялёнага колеру шырынёй 100 см і даўжынёй 200 см. Бакі флага ідэнтычныя. У цэнтры флага з абодвух бакоў, роўнааддалена ад левай і правай граніцы палотнішча, размяшчаецца эмблема канцэрна «БЕЛЛЕСБУМПРОМ». Памер эмблемы складае не больш за 4/5 шырыні флага.
Заснаваны Загадам канцэрна ад 28.05.2011 № 87.
Зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 15.06.2021. Нумар рэгістрацыі В-1674.
Нагрудны знак адзнакі «За личный вклад в развитие отрасли»: уяўляе сабой медальён-падвеску залацістага колеру, на якім размешчана эмблема канцэрна — круг колеру антычнага золата, стужка-скрутак залацістага колеру з надпісам у два радкі «КОНЦЕРН БЕЛЛЕСБУМПРОМ» карычневага колеру. Над стужкай — квадраты (дрэўныя пліты) карычневага і залацістага колераў, якія размешчаны на вугал у выглядзе стылізаванай елкі. Ніжэй за стужку — спіл дрэва карычневага колеру. Круг і стужка абрамлены стылізаванай выявай зубоў дыскавай пілы залацістага колеру з унутранай і знешняй аблямоўкай таго ж колеру. У верхняй частцы па акружнасці размешчаны надпіс «ЗА ЛИЧНЫЙ ВКЛАД В РАЗВИТИЕ ОТРАСЛИ» залацістага колеру. У ніжняй частцы па акружнасці размешчаны дзве лаўровыя галінкі.
Адваротны бок нагруднага знака гладкі.
Медальён-падвеска мацуецца да прамавугольнай калодкі пры дапамозе кальца і вушка. На ніжняй планцы калодкі размешчаны беларускі арнамент колеру антычнага золата. На калодцы замацавана муаравая стужка зялёнага колеру з падвойнай аблямоўкай зялёнага і жоўтага колераў. Пасярод стужкі размешчаны тры паласы жоўтага, чырвонага і жоўтага колераў, якія чаргуюцца. На адваротным баку калодкі прадугледжана мацаванне да адзення ў выглядзе заколкі-шпількі.
Памеры нагруднага знака: дыяметр медальёна-падвескі — 30 мм, таўшчыня 3 мм, вышыня калодкі — 21 мм, шырыня калодкі — 25 мм.
Заснаваны Загадам Старшыні канцэрна ад 28.05.2021 № 88.
Зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 22.07.2021. Нумар рэгістрацыі В-1693