г.п. Карма

Кармянскі раён

G14 KormaG

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле 18 снежня 2000 г.  № 45.

Герб: У блакітным полі іспанскага шчыта два срэбныя шабельныя эфесы, пакладзеныя Андрэеўскім крыжам.

Упершыню Карма згадваецца ў XVII ст. як мястэчка ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства. З 1772 г. становіцца цэнтрам воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. Маёнтак Карма – ўласнасць роду Быкоўскіх. Ідэя выкарыстання радавога герба Быкоўскіх для свайго гарадскога пасёлка была прапанавана на нарадзе па пытаннях сімволікі, якая адбылася ў Гомельскім аблвыканкаме ў ліпені 2000 г., кармянскім архітэктарам В.М. Мельнікавай. Гэта далёка не адзіны выпадак, калі пры стварэнні гарадскіх гербаў Беларусі выкарыстоўваецца прыватнаўласніцкая геральдыка.

Быкоўскія валодалі гербам, які называўся «Абшланк» – дзве шабельныя рукаяцці, размешчаныя ў выглядзе Андрэеўскага крыжа. Ён паслужыў асновай як для герба, так і для флага, і не толькі Кармы, але і ўсяго Кармянскага раёна, як адзінай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.

Цікава, што герб Кармы, які на першы погляд падаецца лаканічным і строгім, з мінімумам гербавых элементаў і без лішніх дэталяў, ужо праз два месяцы пасля пачатку працы над ім, быў прыняты рашэннем Кармянскага Савета дэпутатаў ад 22 верасня 2000 г. № 31.

Аўтар герба С.Я. Рассадзін, мастак Л.А. Бісюкоў.