г. Мазыр

Мазырскі раён

G17 MozyrG
G17 MozyrF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 18 мая 2001 г. № 61.

Герб: У блакітным полі барочнага шчыта ўзлятае чорны арол з залатымі дзюбай і лапамі.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога гербавая эмблема – узлятае чорны арол з жоўтымі дзюбай і лапамі.

Мазыр – адзін з найстарэйшых гарадоў Беларусі. На думку навукоўцаў, славянскае паселішча, ад якога бярэ свой пачатак горад, існавала тут ужо ў VIII ст. У летапісных крыніцах Мазыр упершыню згадваецца пад 1155 г. З сярэдзіны XIV ст. ён уваходзіў у склад Вялікага Княства Літоўскага. У другой палове XVI ст. старастамі горада былі прадстаўнікі магнацкага роду Радзівілаў, якія валодалі гербам «Трубы» («Trąby»). У 1518 г. Мікалай Радзівіл (1470–1521) атрымаў ад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліяна I тытул князя «на Гонядзі і Мядзелі». Разам з тытулам князь атрымаў і герб – у залатым полі чорны арол, увянчаны княжацкай каронай, на грудзях якога герб «Трубы».

28 студзеня 1577 г. кароль польскі Стэфан Баторый, выдаў грамату аб наданні г. Мазыру магдэбургскага права. Горад атрымаў таксама пячатку і герб з выявай чорнага арла, на грудзях якога малы шчыт з гербам «Трубы», пацверджаны манархамі неаднаразова. Пазней на мазырскім гербе ў малым шчыце з’явілася літара «S» – манаграма Стэфана Баторыя. 10 верасня 1609 г. гэты герб быў афіцыйна зацверджаны Жыгімонтам III. У пацвярджальным прывілеі Яна Сабескага ад 1680 г. сказана: «Надаем тому месту нашему печать мескую, то есть Орел з Сэм в нем вырисованым… которую урад меский на судах и иншых справах и потребах меских печатовать и того гербу ужывать мают вечные часы».

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Мазыр увайшоў у склад Расійскай імперыі, з 1795 г. быў цэнтрам павета Мінскай губерні. 22 студзеня 1796 г. імператрыца Кацярына II разам з гербамі іншых гарадоў «найвысока зацвердзіла» герб павятовага горада Мазыр: «В верхней части щита герб Минский (государственный герб Российской империи, то есть двуглавый орел, на груди которого положен герб Минска. В нижней в голубом поле, черный орел распростерший свои крылья». Манаграма польскага манарха ў гербе горада ва ўмовах расійскага манархічнага праўлення была непрымальная.

Варта заўважыць, што ў цяперашні час пры ўзнаўленні гістарычнай геральдыкі мазырскі герб пазбавіўся як двухгаловага імперскага расійскага арла, так і польскай каралеўскай атрыбутыкі. Герб і створаны ў нашы дні флаг у якасці афіцыйнага сімвала г. Мазыра. былі зацверджаны рашэннем XII сесіі гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 сакавiка 2001 г. № 58.