Брэсцкі раён

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 22 снежня 2001 г. № 76.
Герб: Варажскі шчыт перасечаны срэбным хвалістым поясам: у верхняй блакітнай частцы шчыта срэбны нацягнуты лук са стралой, накіраванай уверх, ніжняя частка шчыта некалькі разоў скошана справа на чырвоны і зялёны.
Рашэнне аб зацвярджэнні герба Брэсцкага раёна было прынята раённым выканаўчым камітэтам на чале са старшынёй К.М. Бабко. Стваральнікі пастараліся перадаць у ім гістарычнае мінулае і геаграфічнае становішча раёна.
У верхняй, найбольш ганаровай частцы герба, у блакітным полі размешчаны лук – гістарычны сімвал абласнога цэнтра. Пасярэдзіне поля праходзіць хвалісты срэбны пояс, які ўвасабляе раку Буг, адну з найбольш важных водных артэрый заходняй часткі Беларусі. На ніжняй частцы герба чаргуюцца касыя чырвоныя і зялёныя палосы, якія сімвалізуюць памежныя слупы.
У геральдыцы інфармацыя зашыфравана з дапамогай геральдычных фігур, а таксама металаў і эмаляў, якія нясуць адпаведную сэнсавую нагрузку. Срэбра трактуецца як цнатлівасць, бель і некранутасць; чырвоны – колер шчасця, які дае багацце, колер адвагі і мужнасці; зялёны колер хрысціянская сімволіка звязвае з надзеяй, багаццем і свабодай, а таксама з пасрэдніцтвам, ён заспакойвае і асвяжае.
Варта заўважыць, што спалучэнне чырвонага і зялёнага без «дамешкаў» у сярэднявечнай геральдыцы лічылася грубым і агрэсіўным. Аднак у ізаграфіі герба раёна гэта нівеліруецца срэбным (белым) хвалістым поясам, таму такі выбар металу і эмаляў цалкам апраўданы і абгрунтаваны.
Палажэнне аб гербе Брэсцкага раёна, яго апісанне і выява зацверджаны рашэннем Брэсцкага раённага выканаўчага камітэта ад 8 кастрычніка 2001 г. № 757.