г. Мінск

M17 MinskG
M17 MinskF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 13 красавiка 2001 г. № 56. Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2012 г. № 326.

Герб: Барочны шчыт, у блакітным полі якога знаходзіцца выява Прачыстай Дзевы Марыі, якая стаіць на срэбным воблаку з паднятымі ў блаславенні рукамі ў адзенні чырвона-сіняга колеру, яе справа і злева падтрымліваюць два анёлы, што стаяць на каленях, у срэбным адзенні са срэбнымі крыламі. З двух бакоў над галавой Маці Божай лунаюць два херувімы са срэбнымі крыламі. Над галовамі Маці Божай, анёлаў і херувімаў – залатыя німбы.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:1,5, у цэнтры правага боку якога знаходзіцца выява Прачыстай Дзевы Марыі, што стаіць на белым воблаку з паднятымі ў блаславенні рукамі ў адзенні чырвона-сіняга колеру, яе справа і злева падтрымліваюць два анёлы, якія стаяць на каленях, у белым адзенні з белымі крыламі. З двух бакоў над галавой Маці Божай лунаюць два херувімы з белымі крыламі. Над галовамі Маці Божай, анёлаў і херувімаў – жоўтыя німбы.

Асновай для афіцыйнага сімвала Мінска стаў герб, які быў нададзены гораду 12 студзеня 1591 г. як атрыбут самакіравання. Аднак арыгінал прывілея Жыгімонта III аб наданні герба Мінску не захаваўся. Між тым, у Літоўскай Метрыцы ёсць яго копія з апісаннем герба:  «Ку тому, показуючи имъ в том ласку нашу гдрскую, ку оздобе и учтивому захованью того места нашего Меньского надаем имъ на гербъ до печати местьское на ратуш фикгуру внебовзятья панъны Марыи, и в семь листе нашомъ вымолевати есьмо тую фикгуру велели…».  На гербе намаляваная, такім чынам, Дзева Марыя. Сюжэт называецца «Ушэсце» і адлюстроўвае сцэну з Бібліі, якая распавядае пра тое, як Дзева Марыя пасля сваёй смерці ўзнеслася на неба і трапіла ў рай. На гэтым шляху яе суправаджалі анёлы і херувімы.

 

З канца XVI ст. вядома больш за дзесяць розных выяў «ушэсця Дзевы Марыі» на сталічным гербе. На дакументах, датаваных 1770–1791 гг., маюцца пячаткі з выявай Святой Тройцы над Дзевай Марыяй замест анёлаў і херувімаў. На пячатцы 1791–1792 гг. Багародзіца на воблаку не стаіць, а велічна сядзіць, пад ёй – герб Вялікага Княства Літоўскага, імператарская карона, харугвы і гарматы. 22 студзеня 1796 г. указам Кацярыны II герб Мінска быў «пакінуты» «без перемены: а для означения присоединения и подданства сего края, к Российской Империи, изображается Государственный ея герб, то есть, двуглавый орел, на груди же его положен, показанный города Минска, герб».

Таксама, у фондах Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі быў знойдзены цікавы экспанат, датаваны 1808 г. – «PIECZĘC ZGROMADZENIA SZLACHECKIEGO GUBERNII MIŃSKIEY». На пячатцы размешчаны герб губернскага горада Мінска, а вакол яго – гербы павятовых цэнтраў. Мінскі герб цікавы тым, што двухгаловы расійскі арол «нясе» на грудзях шчыт з постацю Дзевы Марыі ў адзенні, характэрным для канца XVIII – пачатку XIX ст.  –сукенцы з крыналінам.

Было відавочна, што неабходна вярнуцца да самай ранняй выявы герба. На яго павялічаных фотаздымках ўдалося зафіксаваць тыя дэталі выявы, якія заставаліся не ўлічанымі пры папярэдніх рэканструкцыях: размяшчэнне рук двух анёлаў, прадаўгаватае воблака няправільнай формы пад нагамі Багародзіцы і г.д. Выявілася, што цэнтральная фігура, анёлы і херувімы маюць індывідуальныя рысы. Такім чынам, была знойдзена графічная аснова для герба горада Мінска.

Герб, флаг г. Мінска і палажэнні аб іх былі зацверджаны рашэннем Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 сакавiка 2001 г. № 160.

У працы над рэканструкцыяй гістарычнага герба г. Мінска прымалі ўдзел М.М. Елінская, Р.С. Жаўняркевіч, С.Я. Рассадзін.