г.п. Хоцімск

Хоцімскі раён

Mg19 HotimskG
Mg19 HotimskF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 22 снежня 2001 г. № 75.

Герб: У чырвоным полі варажскага шчыта срэбны меч рукаяццю дагары, злева і справа ад яго срэбныя клямры.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча чырвонага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога – меч белага колеру рукаяццю дагары, злева і справа ад яго клямры таго ж колеру.

Хоцімск ўпершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах ў 1430 г. як вёска Хоцімль ў сувязі з узыходжаннем на трон вялікага князя Свідрыгайлы. У XVI ст. населены пункт уваходзіў у склад Мсціслаўскага ваяводства. У XIX ст. мястэчка Хоцімск належала Галынскім. Прадстаўнікі гэтага шляхецкага роду валодалі гербам «Клямры» – у чырвоным полі дзве срэбныя клямры, пакладзеныя ў выглядзе Андрэеўскага крыжа, якія сыходзяцца ў ніжняй палове накшталт шчыпцоў. Уласным гербам мястэчка ніколі не валодала.

Шырока распаўсюджаны прыём пераносу прыватнаўласніцкай геральдыкі на сучасныя тэрытарыяльныя гербы ўжыты і пры распрацоўцы афіцыйнага геральдычнага сімвала Хоцімска. Аднак паўтарэнне шляхецкага герба ў сучасным гарадскім сімвале непрымальна, бо ў іх розныя функцыянальныя нагрузкі. Больш за тое, клямры, пакладзеныя так званым Андрэеўскім крыжом, супярэчылі менталітэту яго жыхароў горада і не былі ўхвалены членамі раённага выканаўчага камітэта, што адлюстравала агульнае меркаванне вяскоўцаў. Было прапанавана, пакінуць эмаль шчыта ранейшай – чырвонай, змяніць канфігурацыю асноўных срэбных гербавых фігур, размясціўшы іх паралельна дадатковаму зноў ўведзенаму элементу – мячу таго ж металу.

Меч з’явіўся на гербе ў знак вядомай гістарычнай падзеі XVIII ст. – Крычаўскага антыфеадальнага паўстання. У траўні–чэрвені 1740 г. ўзброены сялянскі атрад, які ўзначальваў Кастусь Вашчылы, брат правадыра народнага паўстання Васіля Вашчылы, зруйнаваў паташныя прадпрыемствы. У сутыкненні з атрадам адміністрацыі стараства ў раёне Хоцімска гэты атрад быў разбіты.

Герб, флаг і палажэнні аб іх зацверджаны рашэннем Хоцімскага раённага выканаўчага камітэта ад 13 снежня 2001 г. № 13-16.

Аўтар герба і флага С.Я. Рассадзін.