г. Круглае

Круглянскі раён

Mg14 KrugloeG
Mg14 KrugloeF

Герб і флаг зарэгістраваныя ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 26 ліпеня 2002 г. № 95.

Герб: У блакітным полі іспанскага шчыта залатая падкова шыпамі дагары, паміж імі кавалерскі крыж таго ж металу.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога гербавая эмблема – жоўтая падкова шыпамі дагары, паміж імі кавалерскі крыж таго ж колеру.

Круглае ўпершыню згадваецца ў дакументах пад 1524 г., калі ўладальнік маёнтка князь Васіль Палубінскі судзіўся з уладальнікам суседняга маёнтка Дудаковічы князем Фёдарам Іванавічам Дудакоўскім за крыўды, якія апошні наносіў круглянскім падданым Палубінскага.

Сваяк Васіля, Іван, «князь на Лубнах, маршалак Вялікага Княства Літоўскага, ваявода новагародскі», атрымаў ад вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага і караля польскага Аляксандра герб «Ястрабец». А.Б. Лакіер апісвае гэты герб наступным чынам: «У блакітным полі залатая падкова, звернутая шыпамі дагары, у сярэдзіне якой кавалерский крыж, а над шлемам і каронай ястраб, які глядзіць направа, з прывязанымі да лапы бубенчыкамі, трымае такую ​​ж падкову. Часам тая ж падкова размешчана на грудзях арла, і герб ўтрымлівае тую ж назву «Ястрабец». Першая згадка пра гэты герб сустракаецца ў 999 г. у часы панавання Баляслава Храбрага».

Такім чынам, у аснову сучаснага герба і флага пакладзены шырока распаўсюджаны шляхецкі герб, якім валодалі многія роды ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Сучасны герб і флаг прапанаваны раённай камісіяй па аднаўленню гербавай сімволікі горада Круглае на чале са старшынёй Круглянскага раённага Савета дэпутатаў А.А. Рыльковым.

Герб, флаг горада і палажэнне аб iх зацверджаны рашэннямі Круглянскага раённага выканаўчага камітэта ад 25 студзеня 2002 г. № 1-5 і Круглянскага раённага Савета дэпутатаў ад 27 чэрвеня 2002 г. № 15-6.

Мастак А.У. Леўчык.