г. Крычаў

Крычаўскі раён

Mg13 KrichevG
Mg13 KrichevF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 18 лютага 2002 г. № 8.

Герб: У чырвоным полі барочнага шчыта залаты кавалерскі крыж, злева ад яго срэбны меч рукаяццю ўніз.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча чырвонага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, на якім злева жоўтага колеру кавалерскі крыж, справа белы меч рукаяццю ўніз.

У XIV ст. Крычаў ст. быў уладаннем вялікага князя Альгерда і ўваходзіў у склад Мсціслаўскага ваяводства. Вялікакняжацкім уладаннем кіравалі магнаты Шалухі, Саламярэцкія-Лукомскія, Весялоўскія, Пацы, Радзівілы, Мнішкі.

Важная падзея ў гісторыі Крычава адбыліся 23 жніўня 1633 г., калі кароль Уладзіслаў IV надаў гораду магдэбургскае права. У якасці атрыбутаў новага статуса Крычаў атрымаў пячатку і герб. Гэтым ўвага караля да Крычава, як памежнага горада, не абмяжоўвалася. У дадатак да вышэйназванага акта 24 сакавіка 1634 г. кароль Уладзіслаў IV выдаў іншы прывілей, якім не толькі пашыраў гарадскія вольнасці і замацоўваў атрыманыя раней правы, але і ўскладаў на гараджан пэўныя абавязкі.

22 студзеня 1663 г. кароль Ян II Казімір пацвердзіў правы Крычава на магдэбургскае права, а таксама на права карыстання гарадскімі пячаткай і гербам з выявай крыжа і мяча. Прывілеі, і гэта асабліва падкрэсліваецца ў першым дакуменце, былі нададзены ў якасці асаблівай каралеўскай міласці за вернасць гараджан дзяржаве і мужную абарону горада.

Крычаў, як памежны пункт Вялікага Княства Літоўскага, на працягу доўгага часу быў арэнай ваенных дзеянняў, а яго жыхары – адважнымі ваярамі. Яны прымалі ўдзел у Грунвальдскай бітве 1410 г., у баявых дзеяннях падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай у сярэдзіне XVII ст. і Паўночнай вайны (1700–1721 гг.). Крычаў стаў цэнтрам сялянскага паўстання на чале з В. Вашчылай, тут жа адбыўся бой паміж паўстанцамі і шляхецкім войскам.

Здаўна крыж і меч з’яўляліся сімваламі аховы, абароны і перамогі хрысціянскіх каштоўнасцяў. Крыж такой формы ўвасабляе таксама мужнасць і доблесць абаронцаў горада. Не выпадкова ён называецца кавалерским, а разнавіднасць – клінчатай.

Магдэбургскае права, а з ім і герб, праіснавалі ў горадзе да 1772 г. Сёння гарадскі сімвал набыў другое жыццё.

Герб і флаг горада і палажэнні аб іх зацверджаны рашэннямі Крычаўскага раённага выканаўчага камітэта ад 22 снежня 2001 г. № 20-23 і раённага Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 13-6.