г. Асіповічы

Асіповіцкі раён

Mg17 OsipovichiG
Mg17 OsipovichiF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 студзеня 2005 года № 1 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 6 студзеня 2005 года № Б-31 і № Б-32.

Герб: У зялёным полі іспанскага шчыта ў сярэдняй частцы паміж двума хвалістымі палосамі ў срэбным полі паравоз чорнага колеру.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча зялёнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у ніжняй частцы якога тры гарызантальныя паласы чорнага, белага і чорнага колераў, ніжэй за якія зялёная паласа шырынёй, роўная тром папярэднім.

Сюжэт герба грунтуецца на гістарычным факце ўзнікнення ў 1872 г. чыгуначнай станцыі на Лібава – Роменскай чыгунцы, якая будавалася ў той час. Сваю назву станцыя атрымала ад невялікай вёскі Асіповічы, якая знаходзіцца ў 3 км ад яе. Усё далейшае развіццё горада звязана з чыгуначным транспартам, узнікненнем прадпрыемстваў і устаноў, якія абслугоўваюць чыгунку.

Асноўнае поле шчыта – зялёнае. Зялёны колер герба, згодна з агульнапрынятай геральдычнай трактоўкай, з’яўляецца сімвалам жыцця, абнаўлення, дастатку і дабрабыту. Ва ўсходнеславянскай сімволіцы зялёны колер лічыцца сімвалам гонару, даверу. Зялёны колер звязаны таксама з тым, што горад размешчаны ў цэнтры ляснога масіву. Асіповіцкі раён на 60% заняты лясамі.

Срэбны пояс у гербе азначае чысціню, добрапрыстойнасць, высокую мараль. Срэбра здаўна шанавалася ў беларусаў як самы каштоўны метал і ўвасабляла высакароднасць, годнасць і доблесць. Жыхары горада на працягу ўсяго яго існавання з’яўляліся стваральнікамі і абаронцамі. Асноўная геральдычная фігура – сярэбрны пояс – перадае колер вады ракі, на берагах якой узнік горад.

Чорныя палосы – колер надзейнасці і стабільнасці, азначаюць шлях, рух, развіццё, нарэшце, чыгуначны шлях, рэйкі. Гэта суадносіцца з гісторыяй узнікнення горада як чыгуначнай станцыі, а таксама паказвае. што горад дынамічна развіваецца, рухаецца наперад па шляху эканамічнага і сацыяльнага развіцця на карысць яго жыхароў. Чорны паравоз, адлюстраваны на поясе, мае ідэнтычныя абрысы з некалі рэальна існуючай машынай з паравым рухавіком.

Флаг распрацаваны з выкарыстаннем колераў гербавай эмблемы. Ідэя сюжэта герба і флага належыць Асіповіцкай раённаму выканаўчаму камітэту на чале са старшынёй П.Я. Шукаловічам.

Герб і флаг адобраны рашэннем раённага Савета дэпутатаў ад 19 лютага 2004 № 06/06.

Мастак В.А. Ляхор.