г. Мсціслаў
і Мсціслаўскі раён
Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 5 красавіка 2001 г., № 53.
Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 жніўня 2006 года № 526 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 29 жніўня 2006 г. Б-95.
Герб: У срэбным полі французскага шчыта з сіняга воблака выходзіць рука Гасподняя, узброеная стальным мячом з залатой рукаяццю, пад ёй герб Мсціслаўскага княства: чырвоны воўк, павернуты направа.
Флаг: Прамавугольане палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з дзвюх роўнавялікіх гарызантальных палос, верхняй – белага колеру, ніжняй – блакітнага; у цэнтры правага боку – выява герба горада Мсціслава і Мсціслаўскага раёна.
У Іпацьеўскім летапісе Мсціслаў названы пад 1156 г. як горад Смаленскай зямлі. З 1180 г. Мсціслаў стаў цэнтрам княства. У XIV–XV стст. гэта ўжо гандлёва-рамесны цэнтр, які быў цесна звязаны эканамічна з Магілёвам, Вільняй, Кракавам, Ноўгарадам, Разанню.
За сваю гісторыю Мсціслаў і Мсціслаўскае княства мелі некалькі гербаў. У 1566 г. было створана Мсціслаўскае ваяводства і зацверджаны яго герб: «У барвовым полі рыцар у срэбных латах і са срэбным шчытом з залатым шасціканцовым крыжам, які ўзнімае над галавой срэбны меч з залатым эфесам, скача на срэбным кані з залатым узбраеннем, вупражжу і вачыма; сядло барвовае з залатой акантоўкай».
Уладзіслаў IV у 1634 г. надаў гораду магдэбургскае права і пячатку з выявай рукі, якая трымае меч. У Вялікім Княстве Літоўскім гэты сімвал атрымаў назву «Малой Пагоні».
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) горад стаў цэнтрам Мсціслаўскай правінцыі, а з 1777 г. – павятовым горадам Магілёўскай губерні. У 1781 г. Кацярына II «найвысока зацвердзіла» новы герб для Мсціслава: «В верхней части щита, часть герба Могилевского: в золотом поле половина Российского герба. В нижней – в серебряном поле бегущая красная лисица, каковыми зверьми окрестности сего города весьма изобилуют».
У кнізе вядомых геральдыстаў У.К. Лукомскага і М.А. Ціпальта «Руская геральдыка» (Петраград, 1915) маецца падрабязнае апісанне Вялікага Дзяржаўнага герба, зацверджанага 24 ліпеня 1882 г. Адной з яго складовых частак быў герб Мсціслаўскі: барвовы воўк; галава налева.
Сучасны герб старажытнага горада і раёна ўяўляе сабой спалучэнне іх розначасовай гістарычнай геральдыкі. Флаг створаны на аснове гербавай выявы.
Герб горада і раёна зацверджаны рашэннем Мсціслаўскага раённага выканаўчага камітэта ад 29 лістапада 2000 г. № 11-20.
Аўтар герба С.Я. Рассадзін. Аўтар флага і мастак В.А. Ляхор.