Мінскі раён

M18 MinskregioG
M18 MinskregioF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 лістапада 2006 года № 691 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 22 лістапада 2006 года № Б-101 і № Б-102.

Герб: Перасечаны іспанскі шчыт, у верхнім блакітным полі якога на зялёным крапасным вале – аднавежавая залатая гарадская брама, у ніжнім чырвоным – залаты сноп.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2. У цэнтры правага боку палотнішча размешчана выява герба Мінскага раёна.

Пры распрацоўцы праекта герба і флага раёна аўтары зыходзілі з гістарычнага мінулага Міншчыны і яе сучаснага развіцця.

Добра вядома першая згадка пра Мінск у «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 г., калі адбылася бітва на Нямізе паміж войскамі паўднёварускіх князёў Ізяслава, Святаслава, Усевалада Яраславічаў і полацкага князя Усяслава Брачыславіча. Нягледзячы на тое, што жыхары прынялі рашэнне абараняцца і зачыніліся ва ўмацаванай частцы горада, ён быў разбураны, а насельніцтва ўзята ў палон або зусім знішчана. Старажытная крэпасць, або Мінскі замак, быў пабудаваны якраз у другой палове XI ст. на правым беразе р. Свіслач пры ўпадзенні ў яе р. Нямігі.

Характэрныя асаблівасці Мінскага замка сталі вядомыя дзякуючы археалагічным раскопкам, якія ў розны час праводзілі беларускія археолагі В.Р. Тарасенка, Э.М. Загарульскі, Г.В. Штыхаў, В.Е. Собаль. Рэканструкцыю брамы Мінскага замка, збудаванай у XII – першай палове XIII стст., зрабіў Ю.А. Заяц. Прапанаваная ім канфігурацыя ўязной аднавежавай брамы лягла ў аснову сучаснага герба Мінскага раёна. Залатая ўязная брама горада ў верхняй частцы герба стала сімвалам старажытнага Мінска як адміністрацыйнага цэнтра ўсіх населеных пунктаў на тых землях, на якіх раён размяшчаецца сёння.

У ніжняй частцы герба сноп з каласоў злакавых сімвалізуе гаспадарчую моц раёна і дамінуючую галіну яго эканомікі ў цяперашні час, эканамічную бяспеку і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Звязаныя каласы ўвасабляюць адміністрацыйнае адзінства населеных пунктаў, а зярняты – нацыянальнае і канфесійнае адзінства жыхароў раёна.

У міжнароднай сімволіцы каласы або снапы пшаніцы і іншых збожжавых –атрыбуты многіх багоў. У грэчаскіх містэрыях яны сімвалізавалі ўрадлівасць зямлі, жыццё, якое ўзнікае са смерці, зараджэнне і рост пад сілай Сонца. Залатыя каласы, як лічылі ў стражытнасці, гэта атожылкі шлюбнага саюза зіхатлівага Сонца з цнатлівай Зямлёй.

Для палотнішча флага абраны блакітны колер: з аднаго боку – найбольш нейтральны, з іншага – аналагічны колеру флага сталіцы.

Герб, флаг і палажэнні аб іх адобраны рашэннямі Мінскага раённага Савета дэпутатаў ад 29 снежня 2004 года № 132 і Мінскага раённага выканаўчага камітэта ад 18 студзеня 2005 года № 21.

Аўтар герба і флага М.М. Елінская, мастак В.А. Ляхор.