г. Старыя Дорогі
і Старадарожскі раён

M26 StaryeDorogiG
M26 StaryeDorogiF

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 29 красавіка 1996 г. № 6. 

Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 снежня 2011 г. № 564 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 5 снежня 2011 г. № Б-211.

Герб: У чырвоным полі варажскага шчыта залаты гіпацэнтаўр, пад якім два перакрыжаваных залатыя посахі.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з трох роўнавялікіх вертыкальных палос: дзвюх чырвоных, размешчаных па краях, і цэнтральнай – жоўтага колеру, на якой размешчаны герб горада Старыя Дарогі.

Населены пункт Дарогі, сучасныя Старыя Дарогі, упершыню згадваецца ў дакументах архіва канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага, у 1-й кнізе запісаў Літоўскай Метрыкі пад 1524 г., калі ён перайшоў ад князя Юрыя Гальшанскага да ваяводы віленскага, канцлера Вялікага Княства Літоўскга Альбрэхта Гаштольда. Паводле іншых крыніц, пасля смерці ў 1542 г. Станіслава Гаштольда, які не меў нашчадкаў, Дарогі перайшлі да Хадкевічаў. Пазней Дарогамі валодалі Алелькавічы, Радзівілы, Вітгенштэйны.

Старымі Дарогамі паселішча стала называцца ў канцы XIX ст., калі ў некалькіх кіламетрах на ўсходе з’явілася вёска Новыя Дарогі. Старыя Дарогі знаходзяцца на скрыжаванні шляхоў, якія вядуць у Магілёў, Маскву і Варшаву.

У сучасным гербе раённага цэнтра размешчана штучная геральдычная фігура, якая адносіцца да легендарных – гіпацэнтаўр. Аднайменны герб быў радавым сімвалам князёў Гальшанскіх – першых з дакументальна вядомых уладальнікаў Старых Дарог.

Фігура ў гербе «Гіпацэнтаўр» уяўляе сабой міфічную істоту – напаўчалавека-напаўканя. Замест хваста у каня пашча цмока, якога паражае страла, пушчаная з лука самім жа гіпацэнтаўрам. Гэта істота была апета паэтамі Старажытнай Грэцыі і Рыма. Ёй прыпісваліся такія якасці як высакароднасць і мудрасць. А ў сярэднявеччы гіпацэнтаўр, у адрозненне ад антычных ўяўленняў, з’яўляўся сімвалам распусты і пагарды, паколькі лічыўся супрацьлегласцю высакароднаму рыцару. Гэта фігура, як пішуць некаторыя навукоўцы, мае старажытнае італьянскае паходжанне.

У ніжняй частцы герба размешчаны два посахі – абавязковы атрыбут падарожніка, вандроўніка, які ўвасабляе вечны рух, пошук і дарогу. Скрыжаванне шляхоў заўсёды адлюстроўвалася скрыжаванымі лініямі.

Герб горада і палажэнне аб ім былі зацверджаны рашэннем Старадарожскага раённага выканаўчага камітэта ад 28 сакавіка 1996 г. № 34, флаг – ад 3 лютага 2009 г. № 96.

Аўтар герба А.А. Міхайлаў, аўтар флага М.М. Елінская, мастак В.А. Ляхор.