г. Нясвіж

Нясвіжскі раён

M21 NesvizhG
M21 NesvizhF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 21 сакавiка 2001 г. № 51.

Герб: Барочны шчыт рассечаны «ў слуп»: у правым залатым полі выходзіць чорны арол, у левым дзесяць урубаў – блакітных, чырвоных і залатых.

Флаг: Палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, падзелена на дзве роўнавялікія часткі – дрэўкавую і вольную. Дрэўкавая частка палотнішча – чорная; вольная, якая мае тры касіцы, складаецца з трох палос: верхняй – жоўтай, сярэдняй – блакітнай, ніжняй – чырвонай.

Нясвіж увайшоў у гісторыю Беларусі як галоўная рэзідэнцыя аднаго з магнацкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага – князёў Радзівілаў. Першая згадка пра Нясвіж сустракаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» і звязана з імем Юрыя Нясвіжскага, які са сваёй дружынай браў удзел у бітве на р. Калцы ў 1223 г. Гэтую дату лічаць годам заснавання горада. З пачатку XIV ст. Нясвіж знаходзіўся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. У 1492 г. вялікі князь літоўскі і кароль польскі Аляксандр перадаў горад у валоданне магнату Пятру Кішку. У 1513 г. яго дачка Ганна Кішка выйшла замуж за Яна Радзівіла па мянушцы Барадаты, якому і дастаўся горад Нясвіж. У 1547 г. сын Яна Радзівіла – Мікалай Радзівіл Чорны атрымаў тытул князя Свяшчэннай Рымскай імперыі і разам з тытулам – чорнага арла ў радавы герб.

На мяжы XV–XVI стст. Радзівілы пачынаюць будаўніцтва новага замка на месцы ранейшага драўлянага. Для будаўніцтва быў запрошаны знакаміты італьянскі архітэктар Джавані Бернардоні. Ён жа пабудаваў і радавую пахавальню Радзівілаў – Нясвіжскі фарны касцёл (1593 г.). Новая рэзідэнцыя князёў па прыгажосці нічым не саступала знакамітым палацавым ансамблям Еўропы.

Свой герб Нясвіж атрымаў ад караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя 24 чэрвеня 1586 г. Літоўскі гісторык Э. Рымша апублікаваў некалькі пячатак Нясвіжа, якія адносяцца да XVI–XIX стст.

Герб Нясвіжа быў зацверджаны таксама Кацярынай II 22 студзеня 1796 г. Для «найвышэйшага» указа ён быў падрыхтаваны Герольдыяй у адпаведнасці з агульнай канцэпцыяй развіцця тэрытарыяльнай геральдыкі Расійскай імперыі: у верхняй частцы шчыта герб Мінскі, у ніжняй – герб, нададзены Стэфанам Баторыям: выходзячы чорны арол і касыя палосы, якія чаргуюцца.

З выкарыстаннем колераў гербавай выявы быў спраектаваны флаг горада, які мае вельмі рэдкую форму, не характэрную для сучаснай беларускай вексілалогіі, але досыць распаўсюджаную ў Заходняй Еўропе – форму сярэднявечных сцягоў.

Герб горада зацверджаны рашэннем Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта ад 23 снежня 1999 г. 19/35. Флаг зацверджаны рашэннем Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта ад 29 сакавiка 2001 г. № 5/43.

Аўтар флага А.А. Шпунт.