г. Клецк
і Клецкі раён

M11 KleckG
M11 KleckF

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 21 снежня 1999 г. № 37. 

Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 снежня 2011 г. № 564 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 5 снежня 2011 г. № Б-206.

Герб: У залатым полі барочнага шчыта пад княжацкай каронай паляўнічы ражок з залатой фурнітурай.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з трох гарызантальных палос: верхняй – блакітнай, сярэдняй – жоўтай, ніжняй – чорнай.

З 1558 г. Клецкам валодалі князі Радзівілы. У 1551 г. горад і ўсё Клецкае княства былі падораны Мікалаю Радзівілу Чорнаму каралём польскім і вялікім князем літоўскім Жыгімонтам Аўгустам. У 1586–1939 гг. горад з’яўляўся цэнтрам Клецкай ардынацыі Радзівілаў. Гэтая феадальная адміністрацыйная адзінка мела свой замкавы суд і уласную харугву (атрад), які складаўся з клецкай шляхты.

Гэтак жа, як у гербе Капыля, у афіцыйным геральдычным сімвале Клецка змешчаны чорны паляўнічы ражок. Мастак наўмысна не змяніў яго канфігурацыю, падкрэсліваючы тым самым адначасовасць надання магдэбургскага права гэтым двум гарадам, якія належалі аднаму княжацкаму роду. Аднак у герб Клецка дададзена адна істотная фігура – вялікакняжацкая карона цёмна малінавага аксаміту з гарнастаевай апухай, трыма залатымі дугамі, якія усеяны жамчужынамі, над якімі залатая дзяржава з крыжом. Гэта звязана з тым, што Клецкае княства ў XIV–XV стст. належала ўладарам Вялікага Княства Літоўскага: у сярэдзіне XVI ст. княствам валодала каралева і вялікая княгіня, жонка Жыгімонта I Старога – Бона Сфорца.

Кароны такой канфігурацыі можна знайсці на гербах Лунінца, Маларыты, Акцябрскага і іншых адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак сучаснай Беларусі.

Герб і палажэнне аб iм зацверджаны рашэннем Клецкага раённага выканаўчага камітэта ад 29 лістапада 1999 г. № 106, флаг – рашэннем Клецкага раённага Савета дэпутатаў ад 23 снежня 2008 г. № 97.

Аўтар рэканструкцыі герба А.А. Шпунт, мастак А.У. Леўчык, аўтар флага А. Блінец, супрацоўнік Музея гісторыі Клетчыны.