г. Дзяржынск
і Дзяржынскі раён

M07 DzerzhinskG
M07 DzerzhinskF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 ліпеня 2008 № 398 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 23 ліпеня 2008 года № Б-128 і № Б-129.

Герб: У блакітным полі іспанскага шчыта перакрыжаваныя чорная дубовая галіна з залатымі жалудамі і лісцем і залатая аліўкавая галіна з сямю чорнымі пладамі.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з трох роўнавялікіх вертыкальных палос: дзвюх – блакітнага колеру, размешчаных па краях, і цэнтральнай паласы жоўтага колеру, на якой размешчана выява герба горада Дзяржынска і Дзяржынскага раёна.

Паводле мясцовага падання, у згарэлай праваслаўнай царкве горада быў абраз з надпісам «Крутагор’е, 1146 год». З гэтага часу і вядзе сваё летазлічэнне населены пункт: паселішча Крутагор’е, пазней мястэчка Койданава, з 1932 г. –горад Дзяржынск.

Пры Жыгімонце I Старым з 1539 г. Койданава стала цэнтрам староства, а калі уладальнікам мястэчка стаў Мікалай Радзівіл Руды, Койданаўскае староства было ператворана ў графства. Койданава лічылася адным з найбуйнейшых мястэчак. У 1564 г. тут быў узведзены мураваны Кальвінскі збор, меліся замак, касцёл, ратуша, рынак, было 6 вуліц і млыны. У мястэчку на скрыжаванні важных гандлёвых шляхоў развіваліся рамёствы, гандаль, а пазней дзейнічалі вінакурны-дражджавы і лесапільны заводы, фабрыка па перапрацоўцы лёну.

Пра тое, што ў Койданава існаваў гарадскі герб упершыню было напісана ў кнізе І.Ф. Шпілеўскага і Л.А. Бабровіча «Мястэчка Койданава». У нашы дні, падчас падрыхтоўкі да заснавання герба і флага горада і раёна была праведзена даследчая праца па ўдакладненню выявы і апісання герба. Раней ён быў рэканструяваны гісторыкам А.К. Цітовым і мастаком А.А. Шупляцовым. У 2008 г. у Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі быў накіраваны афіцыйны запыт з просьбай выявіць гістарычныя дакументы XVI–XVIII ст., з інфармацыяй аб даце надання герба Койданаўскаму графству ці гораду. У адказе былі пералічаны некаторыя дакументальныя факты, якія сведчаць аб існаванні ў Койданава ў XVII–XIX стст. асаблівага права на гарадское самакіраванне, калі ў якасці ўзору браліся пэўныя нормы магдэбургскага права. Аднак у архіўных фондах Беларусі і Польшчы не ўдалося знайсці дакументы XVI–XVIII стст. з выявай або апісаннем гарадской пячаткі г. Койданава або яго герба.

Менавіта таму, захоўваючы шырока вядомыя ўжо на працягу доўгага перыяду часу геральдычныя фігуры – перакрыжаваныя галіны дуба і алівы – заснаваны герб мае іспанскую форму шчыта, у адрозненне ад барочнай, якую маюць іншыя гістарычныя, дакументальна зафіксаваныя гербы.

Герб і флаг адобраны рашэннем Дзяржынскага раённага выканаўчага камітэта ад 28 снежня 2006 г. № 2127.

Мастак А.У. Леўчык.