г. Валожын
і Валожнскі раён

M05 VolozhinG
M05 VolozhinF

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 22 чэрвеня 1998 г. № 17. 

Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 снежня 2011 г. № 564 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 5 снежня 2011 г. № Б-205.

Герб: У чырвоным полі варажскага шчыта залатая літара «W» з чорнымі палоскамі.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча чырвонага колеру, у цэнтры правага боку якога герб горада Валожына і Валожынскага раёна.

Па пісьмовых крыніцах Валожын вядомы з XIV ст. Як прыватнае уладанне Валожын паслядоўна, на працягу цэлага шэрагу стагоддзяў, належаў ўплывовым родам Вялікага Княства Літоўскага. Валодалі ім вялікія князі літоўскія, каралі польскія Жыгімонт I Стары і яго сын Жыгімонт II Аўгуст. Прадстаўнікі такіх родаў, як князі Вярэйскія, Гаштольды, Радзівілы, Слушкі, Чартарыйскія, Тышкевічы пакінулі значны след у гісторыі, палітыцы і культуры, як у цэлым Беларусі, так і Валожыншчыны.

У пачатку XIX ст. Ю. Тышкевіч узвёў ў цэнтры Валожына комплекс сядзібных пабудоў з паркам. Палацавы комплекс, які захаваўся да нашых дзён, пабудаваны ў стылі класіцызму і з’яўляецца асноўнай гістарычнай славутасцю і упрыгажэннем горада. Побач з палацавымі збудаваннямі былі ўзведзены таксама касцёл Святога Юзафа, сінагога, царква, гандлёвыя рады.

На падставе радавой геральдычнай эмблемы князёў Валожынскіх, адных з першых уладальнікаў мястэчка, быў створаны сучасны герб Валожына. У адрозненне ад радавога знака «Абданк», у гарадскім гербе срэбныя кроквы заменены на залатыя, і ўнутры іх прачэрчаны чорныя касыя лініі.

Калі абстрагавацца ад канкрэтных прозвішчаў і гербаў, то геральдычная фігура ў гербе Валожына можа нагадваць пакладзеныя побач дзве разгорнутыя кнігі з надрукаванымі ў іх радкамі. Сімвал друкаванай кнігі на валожынскім гербе не выпадковы. У Лоску, непадалёк ад Валожына, ў 1574 г. Ян Кішка заснаваў друкарню, у якой выдаваліся кнігі на польскай і лацінскай мовах. Сымон Будны, беларускі гуманіст і асветнік, выдаў там Новы запавет з прадмовай, каментарамі і заўвагамі, што з’явілася першай у сусветнай літаратуры спробай радыкальнай рацыяналістычнай крытыкі евангельскіх кніг.

Герб г. Валожына зацверджаны рашэннямі Валожынскага раённага выканаўчага камітэта ад 15 чэрвеня 1998 г. № 9, флаг – ад 22 студзеня 2009 г. № 46.

Аўтары герба С.Я. Рассадзін і С.М. Маляўскі, аўтар флага М.М. Елінская. Мастак В.А. Ляхор.