г. Беразіно
і Бярэзінскі раён

M02 BerezinoG
M02 BerezinoF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 лістапада 2007 г. № 595 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 3 кастрычніка 2007 г. № Б-126 і № Б-127.

Герб: Перасечаны іспанскі шчыт, у верхнім срэбным полі якога паўстае з залатой кароны ліс чырвонага колеру, звернуты ўправа, які трымае ў лапах залатую стралу, перакрыжаваную дзвюма перакладзінамі – герб «Ліс». У ніжнім зялёным полі размешчаны тры перакуленых срэбных дубовых ліста з двума жалудамі.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча белага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у ніжняй частцы якога на правым баку размешчана гарызантальная паласа зялёнага колеру, якая складае 1/3 яго шырыні. У цэнтры на паласе – выява герба горада Беразіно паўстае з жоўтай кароны ліс чырвонага колеру, звернуты ўправа, які трымае ў лапах жоўтую стралу, перакрыжаваную дзвюма перакладзінамі – герб «Ліс». У ніжнім зялёным полі размешчаны тры перакуленых белых дубовых ліста з двума жалудамі.

Беразіно ўпершыню згадваецца ў пачатку XVI ст. як мястэчка ў Любашанскім старостве Вялікага Княства Літоўскага. З 1560-х гг. яно ўваходзіла ў Мінскі павет. З сярэдзіны XVI ст. Беразіно належала прадстаўнікам магнацкага роду Сапегаў, якія шмат зрабілі для грамадскага і эканамічнага развіцця горада.

Асновай гербавага сюжэта сучаснага герба для Беразіно і Бярэзінскага раёна паслужыў радавы герб Сапегаў «Ліс». Ніжняя частка герба ўяўляе геральдычную выяву дубовых лiстоў, якія сімвалізуюць своеасаблівасць тутэйшых ландшафтаў. Магутнае дрэва дуба ў сімволіцы мае шматпланавы сэнс і сімвалізуе моц, цягавітасць, даўгалецце, высакароднасць і славу. Гэтыя характарыстыкі цалкам можна аднесці да знакамітых прадстаўнікоў роду Сапегаў. Колер геральдычных дубовых лістоў бывае, акрамя срэбнага, зялёным або залатым. У сімволіцы дуб з жалудамі асобна трактуецца як сталасць, паўната сіл, а ўласна жолуд – гэта знак урадлівасці, росквіту, духоўнай энергіі, які расце з зерня ісціны.

У прадстаўленым гербе ў верхнім срэбным полі размешчаны ліс чырвонай эмалі. Ніжняя жа зялёная частка запатрабавала выкарыстання металічнага (срэбнага) лісця. Для надання верхняй і ніжняй часткам кампазіцыі раўнавагі лісце і жалуды дуба як бы адлюстроўваюць залатую шляхецкую карону: дубовае лісце паўтарае размяшчэнне так званага лісця сельдэрэя ў кароне, а жалуды – размешчаныя паміж імі жамчужыны.

Флаг горада – вексілалагічны варыянт герба.

Праекты герба і флаг былі адобраны рашэннем Бярэзінскага раённага Савета дэпутатаў ад 31 студзеня 2007 года № 10.

Аўтар герба і флага М.М. Елінская, мастак В.А. Ляхор.