г.п. Карэлічы

Карэліцкі раён

Gr13 KorelichiG
Gr13 KorelichiF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 снежня 2004 года № 590 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 16 снежня 2004 года № Б-23 і № Б-24.

Герб: У блакітным полі іспанскага шчыта дзве залатыя паласы, на якіх сегментарна  размешчаны сем блакітных кветак ільну на зялёных кветаножках (чатыры кветкі на верхняй паласе, тры – на ніжняй).

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2. На ім размешчаны дзве жоўтыя гарызантальныя паласы, кожная з якіх складае  1/10 шырыні палотнішча флага.

Упершыню Карэлічы згадваюцца ў гістарычных крыніцах пад 1395 г. У XV ст. Карэлічы – двор вялікіх князёў Вялікага Княства Літоўскага ў Новагародскім павеце. У 1594 г. – згадваюцца як мястэчка, якое адносіцца да Новагародскага ваяводства. У XVI ст. Карэлічы знаходзіліся ва ўласнасці князёў Чартарыйскіх, а ў другой палове XVII ст. перайшлі ў валоданне нясвіжскай лініі князёў Радзівілаў.

У сярэдзіне XVIII ст. вялікую вядомасць Карэлічам прынесла ткацкая мануфактура па вытворчасці высокамастацкіх вырабаў, заснаваная Міхаілам Казімірам Радзівілам (Рыбанькам). Пазней была заснавана фабрыка па вытворчасці палатна, дзе таксама ткалі дываны, габелены і паясы, якія не саступалі па якасці вырабу знакамітым слуцкім паясам. У іх вытворчасці шырока выкарыстоўваліся традыцыі народнага мастацтва.

Менавіта гэта легла ў аснову сюжэта сучаснага герба Карэлічаў. У блакітным полі шчыта размешчаны два залатых поясы. Яны адносяцца да асноўных геральдычных фігур і ў той жа час адлюстроўваюць тканыя паясы, ва ўпрыгожванні якіх ўжываліся залатыя ніткі. На паясах размешчаны блакітныя кветкі лёну, якія, магчыма, з’яўляліся часткай узора на вырабах карэліцкіх майстрых.

«Негеральдычная» дакладнасць канфігурацыі лёну на гербе пасёлка спатрэбілася для перадачы не толькі яго мінулага, але і своеасаблівага адлюстравання сучаснасці Карэлічаў: аснову эканомікі тут і сёння складае сельская гаспадарка, а льнаводства было і застаецца адной з вядучых галін вытворчасці рэгіёну. Кветка лёну на гербе сімвалізуе пастаянства, пераемнасць пакаленняў, прытрымліванне традыцыям, а таксама творчасць і працоўныя поспехі мясцовых жыхароў.

Флаг сугучны з гербам не толькі каляровай гамай, якая складае яго, але і двзвюма паралельнымі лініямі жоўтага колеру на блакітным палотнішчы. Яны перадаюць тую ж ідэю «залатога пояса», што і ў гербе.

Герб і флаг адобраны рашэннем Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў ад 26 чэрвеня 2003 г. № 21.

Аўтар герба і флага М.М. Елінская, мастак А.У. Леўчык.