г. Навагрудак
і Навагрудскі раён

Gr19 NovogrudokG
Gr19 NovogrudokF

Герб і флаг зарэгістраваныя ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 30 лiстапада 2001 г. № 74.

Герб: У чырвоным полі барочнага шчыта на зялёным падножжы выява Святога Арханёла Міхаіла з крыламі блакітнага колеру, убранага ў чорнае адзенне, з мячом у правай руцэ і шалямі ў левай.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з дзвюх гарызантальных роўнавялікіх палос, верхняй – зялёнага, ніжняй – чырвонага колеру. У цэнтры правага боку палотнішча – апраўлены белай аблямоўкай герб горада Навагрудка

У пачатку XVI ст. Навагрудак быў адным з найбуйнейшых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага. У 1507 г. ён стаў цэнтрам ваяводства. 26 ліпеня 1511 г. на Брэсцкім сойме Навагрудку было нададзена магдэбургскае права. 18 сакавіка 1595 г. Жыгімонт III надаў гораду герб: у чырвоным полі Архангел Міхаіл, які трымае ў правай руцэ меч, а ў левай – шалі.

6 красавіка 1845 г. імператар Мікалай I Указам зацвердзіў новы герб Навагрудка: «Щит разделен на две половины: в верхней герб Минский, а в нижней – в красном поле Архангел Михаил, попирающий змия и держащий в правой руке меч, а в левой весы».

Вакол асноўнай фігуры герба да гэтага часу не спыняюцца гарачыя спрэчкі. Здзіўленне выклікаюць чорнае адзенне анёла. Навукоўцы спрабуюць знайсці аргументаваныя тлумачэнні гэтаму ўнікальнаму выпадку.

Насельніцтва Віцебшчыны, Полаччыны і Смаленшчыны першым прыняло хрысціянства на тэрыторыі паўночна-ўсходняй Русі. А жыхары Навагрудчыны пакланяліся паганскім багам даўжэй, чым іх суседзі, за што атрымалі назву «чарнавусаў». З гэтым шэраг даследчыкаў звязваюць з’яўленне паняццяў «Белая Русь» і «Чорная Русь». На думку некаторых навукоўцаў цэнтрам Чорнай Русі з’яўлялася Навагрудская зямля. Такім чынам, герб з «Чорным анёлам» прадстаўляў не толькі горад, але ў пэўным сэнсе ўсё Навагрудскаее княства. У гэтым выпадку колер адзення анёла набывае канкрэтны сэнс.

Пры гэтым выявы Архангела Міхаіла ў чорных даспехах можна сустрэць і ў Заходняй Еўропе. У Нацыянальнай галерэі ў Лондане захоўваецца карціна П’етра Перуджына канца XV ст. «Святы Міхаіл», на якой архангел апрануты ў рыцарскія даспехі чорнага колеру. У «Цудоўным часаслове герцага Берыйскага» (XV ст.) з мініяцюрамі братоў Лімбургаў маецца выява Архангела Міхаіла ў момант бітвы з д’яблам ля падножжа абацтва на востраве Мон-Сэн-Мішэль. Верхняя частка даспехаў архангела – чорная.

Калі звярнуцца да літаратуры, прысвечанай геральдыцы, то на мініяцюрах з сярэднявечных хронік у вялікай колькасці можна ўбачыць рыцараў, з ног да галавы апранутых у жалезныя даспехі, у тым ліку і чорныя.

Навагрудак атрымаў герб у XVI ст., і можна выказаць здагадку, што афіцыйны сімвал беларускага горада ў поўнай меры ўвасабляе заходнееўрапейскія мастацкія і геральдычныя традыцыі.

Герб і флаг г. Навагрудка і Навагрудскага раёна зацверджаны рашэннем Навагрудскага раённага Савета дэпутатаў ад 16 мая 2001 г. № 70. Палажэнне аб гербе і флагу прынята рашэннем раённага выканаўчага камітэта ад 26 красавiка 2001 г. № 176.