г.п. Жалудок

Шчучынскі раён

Gr09 ZheludokG
Gr09 ZheludokF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 № 279 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 4 чэрвеня 2009 г. № Б-114 і № Б-115.

Герб: Перасечаны варажскі шчыт, у верхнім залатым полі якога бык чырнага колеру, у ніжнім зялёным – залатая падкова.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з дзвюх роўнавялікіх гарызантальных палос: у верхняй жоўтай – бык чорнага колеру, у ніжняй зялёнай – падкова жоўтага колеру.

Жалудок па пісьмовых крыніцах вядомы з XIV ст. На працягу некалькіх стагоддзяў ён знаходзіўся ў прыватным валоданні. Пачынаючы з XVIII ст. яго гісторыя звязана з імёнамі прадстаўнікоў вядомага ў Беларусі роду Тызенгаўзаў.

Радавы герб Тызенгаўзаў «Буйвал» ўяўляе сабой выяву чорнага быка ў залатым полі шчыта. Вядома некалькі яго разнавіднасцяў, якія належалі гэтаму роду і закранаюць, перш за ўсё, ізаграфію самой жывёлы. Існуюць гербы, на якіх фігура быка размешчана або цалкам, або адна яго галава, ці радавы знак мае шматчастковае дзяленне – у залежнасці ад шлюбу, які Тызенгаўзы заключалі з прадстаўнікамі іншых родаў.

Аддаючы належнае і захоўваючы светлую памяць пра прадстаўнікоў роду Тызенгаўзаў, якія валодалі Жалудком і яго ваколіцамі каля двухсот гадоў і шмат чаго зрабілі для развіцця мястэчка, на сучасным афіцыйным геральдычным сімвале гарадскога пасёлка, цалкам дарэчнай аказалася галоўная фігура з радавога герба – чорны буйвал.

Аднак у сучасны гарадскі герб неабходна было прыўнесці нейкі элемент, які б падкрэсліваў адметную асаблівасць Жалудка, тым больш, што Тызенгаўзы валодалі і іншымі населенымі пунктамі. Такім дадаткам з’яўляецца выява падковы, прапанаваная Шчучынскім райвыканкамам. На гербе Жалудка гэта геральдычная фігура сімвалізуе камерцыйныя поспехі мястэчка ў XIX–XX стст. і тут кірмашы, якія праводзіліся тут. Сем цвікоў у падкове паказваюць колькасць шляхецкіх родаў, якія валодалі Жалудком. Акрамя таго падкова мае ў сімволіцы шырокае тлумачэнне, адным з якіх з’яўляецца поспех, удача, шчасце, прыбытак. Спалучэнне такіх ёмістых геральдычных фігур, як бык (буйвал) у залатым полі і залатая ж падкова абумовілі выкарыстанне толькі адной эмалі – зялёнай.

Для сучаснага герба пасёлка абраны шчыт варажскай формы, які шырока выкарыстоўваецца для сучасных тэрытарыяльных гербаў Гродзенскай вобласці.

На флагу Жалудка два асноўных элемента герба перанесены на палотнішча, якое мае яго асноўныя колеры – жоўты і зялёны.

Герб і флаг г.п. Жалудок разгледжаны на пасяджэнні Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта і адобраны яго рашэннем ад 26 кастрычніка 2006 г. № 700.

Аўтар герба М.М. Елінская, мастак В.А. Ляхор.