г. Бярозаўка

Лідскі раён

Gr02 BerezovkaG
Gr02 BerezovkaF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 10 чэрвеня 2002 г. № 88.

Герб: Варажскі шчыт рассечаны «ў слуп». У правай частцы блакітнага колеру тры срэбныя хвалістыя поясы, у левай чырвонай – дзве перакрыжаваныя срэбныя шкловыдзімальныя трубкі, над імі кубак срэбнага колеру. Унізе, пад шчытом, на залатой стужцы, дэвіз «Differentia specifiсa».

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з дзвюх гарызантальных палос: верхняй, якая складае 2/3 яго шырыні, чырвонага колеру, у сярэдзіне якой перакрыжаваныя шкловыдзімальныя трубкі белага колеру, над імі белы кубак, і ніжняй паласы, якая складае 1/3 шырыні палотнішча, блакітнага колеру з белай хвалістай лініяй пасярэдзіне.

У XIX ст. Бярозаўка была вёскай Лідскага павета Віленскай губерні, побач з якой ў 1883 г. памешчык З. Ленскі пабудаваў гуту, якая з часам ператварылася ў шклозавод «Нёман». Унікальная прадукцыя гэтага прадпрыемства карыстаецца шырокім попытам далёка за межамі Беларусі. У цяперашні час Бярозаўка вядома менавіта дзякуючы вырабам мясцовых шкловыдзімальшчыкаў.

Зыходзячы з гэтага, герб Бярозаўкі, адрозніваецца асаблівай арыгінальнасцю і не мае аналагаў у беларускай гарадской геральдыцы. Вертыкальным дзяленнем шчыта адлюстраваны два асноўных багацця горада: шчодры прыродны нёманскі край і ўнікальнае вытворчасць шклозавода «Нёман». У правай частцы шчыта тры хвалістыя перавязі белага колеру на блакітным фоне сімвалізуюць раку Нёман, адну з найважнейшых водных артэрый Беларусі. У левай частцы шчыта, у чырвоным полі, якое сімвалічна перадае агонь, які неабходны ў тэхналагічным працэсе вытворчасці вырабаў са шкла, размешчана гербавая эмблема, якая ўяўляе сабой асноўную прыладу працы рабочых завода – шкловыдзімальныя трубкі і стылізаваны хрустальны кубак.

Унізе пад шчытом размешчана дэвізная стужка з лацінскім выслоўем «Differentia specifiсa», што азначае «адметная прыкмета, характэрная асаблівасць», што як раз характэрна для вырабаў шклозавода.     

У прапанаваным гербе прымяняюцца два металы і дзве эмалі. Золата азначае багацце, сілу, вернасць, чысціню, нязменнасць; срэбра – нявіннасць, бель, цнатливасць. Блакітны колер сімвалізуе веліч, прыгажосць, яснасць. Разам з тым гэты колер ва ўмоўнай форме перадае водную стыхію, г.зн. раку Нёман і назву аднайменнага завода – асноўнага вытворчага прадпрыемства горада. Чырвоны колер увасабляе таксама адвагу, мужнасць, бясстрашнасць.

Флаг Бярозаўкі з’яўляецца вексілалагічнай трансфармацыяй герба.

Герб, флаг і палажэнні аб іх зацверджаны рашэннем Бярозаўскага гарадскога Савета дэпутатаў 21 мая 2002 г. № 37.

Аўтар герба і мастак М.М. Елінская.