Гомельская вобласць

G01 GomelregionemF
G01 GomelregionemF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 кастрычніка 2005 г. № 490 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 1 лiстапада 2005 г. № Б-43 і № Б-44.

Герб: У зялёным полі французскага шчыта срэбны крыж, на цэнтральную частку якога накладзены малы французскі шчыт блакітнага колеру з выявай залатой рысі, якая ляжыць. У верхняй частцы крыжа размешчаны срэбны лучнік, у правай – чорны рог, у левай – чорны арол, у ніжняй – ружовая харугва з вершнікам. Шчыт вянчае вялікая гарадская карона залатога колеру. Шчыт апраўлены дзвюма залатымі дубовымі галінамі, увітымі і злучанымі чырвонай ордэнскай стужкай.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча зялёнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога – выява герба Гомельскай вобласці.

Пашыраны срэбны крыж дзеліць поле шчыта на дзевяць палёў, якія сімвалізуюць разнастайнасць рэгіянальных геаграфічных і гісторыка-культурных асаблівасцей краю. У цэнтры кампазіцыі – выява герба Гомеля XIX ст. Чатыры палі па баках ад яго нясуць галоўныя элементы гербаў найбольш старажытных і важных для гісторыі гарадоў вобласці: Турава (верхняе поле), Рагачова (правае), Мазыра (левае), Рэчыцы (ніжняе поле). Само ж па сабе размяшчэнне ў гербе срэбнага крыжа невыпадкова – гэта старажытны гарадскі сімвал Гомеля XVI ст. У цэнтральным шчытку размешчаны непасрэдна герб абласнога цэнтра – горада Гомеля, зацверджаны 23 снежня 1856 г.

Дубовыя галіны з жалудамі, звязаныя ордэнскай стужкай, і гарадская карона, якая вянчае шчыт, – традыцыйныя геральдычныя элементы. Яны з’яўляюцца знакамі годнасці і знакамі ўласных правоў, а ордэнская стужка да таго ж сімвалізуе ўзнагароджанне Гомельскай вобласці ў 1967 г. ордэнам Леніна.

Колеравая гама герба сімвалічна. У ёй выкарыстаны вядомыя ў геральдыцы эмалі і металы. Золата лічыцца знакам багацця, справядлівасці, вялікадушнасці, срэбра – чысціні і нявіннасці, блакітны колер – велічы, прыгажосці, яснасці, зялёны – надзеі, багацця, волі.


Такім чынам, пэўны сімвалічны сэнс закладзены ў размяшчэнні геральдычных фігур як у межах шчыта, так і вакол яго. Спалучэнне лучніка і вершніка, рога і арла можа быць трактавана наступным чынам: заўсёды, знаходзячыся на варце, жыхары Гомельшчыны па сігнале трывогі дружна паднімаліся насустрач ворагу, самааддана абараняючы родную зямлю. Дубовы вянок, які абрамляе шчыт, надае гербу ўрачыстае гучанне і сімвалізуе пажаданне краю вечнага росквіту і дастатку.

Флаг вобласці створаны шляхам размяшчэння герба ў цэнтры правага боку палотнішча зялёнага колеру – сімвала надзеі, радасці і багацця. Да таго ж смарагдавы колер як ніякі іншы падыходзіць для Гомельскай вобласці – цэнтра Беларускага Палесся, 70 % якога займаюць лясы.

Герб і флаг адобраны рашэннямі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта ад 24 верасня 2003 г. № 614 і Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў ад 1 снежня 2004 года № 135.

Аўтар герба і флага М.М. Елінская, мастак В.А. Ляхор.