г. Тураў

Жыткавіцкі раён

G29 TurovG
G29 TurovF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Беларусі 23 студзеня 2002 г. № 79.

Герб: У блакітным полі іспанскага шчыта выява лучніка, які павернуты налева.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у ніжняй частцы якога – дзве паласы: ніжняя чырвонага і верхняя белага колеру, якія складаюць адпаведна 2/9 і 1/9 шырыні палотнішча.

Тураў у старажытнасці быў палітычным, эканамічным і культурным цэнтрам Тураўскага княства. Упершыню ён згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 980 годам: «…бе бо Рогволод перешел из заморья имяше волость свою Полотьске, а Тур Турове, от него же и Туровци провзвашася». Тураў у гэты час быў ажыўленым цэнтрам рамяства і гандлю, аб гэтым кажуць шматлікія археалагічныя помнікі. У час княжання Святаполка Ізяславіча (1097–1113) яго жонка Варвара заснавала тут жаночы манастыр. У Тураве жыў і працаваў выдатны дзеяч ўсходнеславянскай культуры Кірыла Тураўскі. Ведаў горад і часы ліхалецця: ў 1158 годзе вытрымаў жорсткую аблогу войскаў князёў паўднёварускай кааліцыі, у 1160 аблогу валынскіх князёў.

Старажытнасць горада, яго слаўнае гістарычнае мінулае, гераізм і мужнасць абаронцаў горада адлюстравана ў гербавай выяве ў выглядзе славянскага ваяра-лучніка. Ваенная тэматыка ў міжнароднай геральдыцы прадстаўлена безлічнае і разнастайна. Гэта і вайсковая атрыбутыка – розная зброя (гербы Брэста, Быхава, Чавусащ) і крапасныя сцены, замкі, якія ў сімвалічнай форме перадаюць ўмацаванни горада, абарону ад непрыяцеля (Панявеж ў Літве, Каменец, Ляхавічы у Беларусі). Сустракаюцца і канкрэтныя выявы ваяра, коннага і пешага, напрыклад, у гербах Масквы, Разані ў Расіі, у Беларусі – у гербах Рэчыцы, Лепеля, Верхнядзвінска і іншых). У гербе старажытнага Турава ваяр апрануты ў адзенне старажытнаславянскага волата, з лукам у руках, калчанам са стрэламі за плячыма, шлемам. Ён стаіць у позе абаронцы горада, сваёй радзімы. Шуканы аптымальны варыянт гербавай эмблемы даў унікальны каменны барэльеф XII-XIII стст. з выявай лучніка, знойдзены ў Тураўскай царкве разам з наканечнікамі стрэл і дэталямі лука. Выявы ваяроў, якія страляюць з лука, вядомы з глыбокай старажытнасці.

Герб, флаг i палажэнне аб iх зацверджаны рашэннем Тураўскага пасялковага Савета дэпутатаў ад 27 верасня 2001 г. № 42.

Аўтар герба М.М. Елінская, мастак А.У. Леўчык.