г.п. Стрэшын

Жлобінскі раён

G28 StreshinG
G28 StreshinF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле 30 жнiўня 2001 г. № 67.

Герб: У блакітным полі іспанскага шчыта «грэчаскі» срэбны крыж.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога гербавая эмблема – грэчаскі крыж белага колеру.

У аснову распрацоўкі герба г.п. Стрэшын пакладзены гістарычны і культурны прынцыпы.

Паводле археалагічных матэрыялаў, Стрэшын паўстаў у XII ст. як феадальны замак, які праіснаваў да XVIII ст. Замак быў акружаны ровам і валам, вакол якіх вырасла паселішча. Даследчыкі атаясамліваюць яго са старажытным горадам Стражэў, які згадваецца ў летапісе пад 1127–1128 і 1159 гг. У «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (XIV ст.) Стражэў–Стрэшын фігуруе як горад Кіеўскай Русі. Па іншых пісьмовых крыніцах ён вядомы з 2-й паловы XIV ст. У 1399 г. Стрэшын згадваецца ў дароўнай грамаце вялікага князя літоўскага Вітаўта. У XVI–XVII стст. горад неаднаразова разбураўся непрыяцелем.

Багатая старажытная гісторыя горада ўлічвалася пры стварэнні гарадскога герба, аднак, у яго аснову была пакладзены больш позняя падзея. У 1807 г. тут была пабудавана Пакроўская царква, якая сёння з’яўляецца галоўнай гістарычнай і архітэктурнай славутасцю горада. Яна пабудавана ў стылі класіцызму і ўяўляе сабой крыжовакупальнае збудаванне. Апошняя акалічнасць асабліва цікавая, бо Пакроўская царква з’яўляецца пераемніцай старажытнарускага храма, які існаваў, па ўсёй бачнасці, у летапісным Стражэве.

Гербавая эмблема, такім чынам, аднаўляе, з аднаго боку, форму энкалпіёна, з іншага – з’яўляецца дакладнай копіяй асноўнай часткі плана Стрэшынскай царквы, якая дзейнічае і сёння. Такі «грэчаскі», з закругленымі бакамі, крыж быў шырока распаўсюджаны ў архітэктуры Беларусі: як форма пабудоў і ў рэльефным дэкоры, напрыклад, у каменнай разьбе замкаў у Гальшанах і Смалянах.

Традыцыйна геральдычныя колеры азначаюць: блакітны – сімвал усяго духоўнага, праўды і вечнасці, прыгажосці і яснасці, срэбра – колер месяца, атаясамліваецца з чысцінёй, дабрабытам.

Герб, флаг і палажэнні аб іх зацверджаны рашэннем Жлобінскага раённага Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2000 г. № 8-6.

Аўтар герба і мастак М.М. Елінская.