г.п. Акцябрскі

Акцябрскі раён

G21 OctobrisG
G21 OctobrisF

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 24 снежня 1998 г. № 32. 

Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 кастрычніка 2005 г. № 490 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 1 лiстапада 2005 г. № Б-51.

Герб: Іспанскі шчыт рассечаны «ў слуп». У правым залатым полі тры чырвоныя вавёркі, у левым чырвоным – залатая княжацкая карона, пад каронай залаты кавалерскі крыж

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, левая палова якога чырвонага колеру, правая – жоўтага, у цэнтры – выява герба гарадскога пасёлка Акцябрскі.

Гарадскі пасёлак Акцябрскі быў утвораны 31 жніўня 1954 г. у выніку аб’яднання трох населеных пунктаў – Рудабелка, Рудня, Карпілаўка. Сярод іх вядучую ролю адыгрывала Рудабелка. Сяло «Рудыя Белкі» вядома з сярэдзіны XV ст. як вялікакняжацкае ўладанне, якое здавалася у часовае валоданне або арэнду князям Радзівілам, Вішнявецкім і іншым, з 1661 г. – прыватнае ўладанне.

У перыяд акупацыі Беларусі войскамі Германіі і Польшчы 1918–1920 гг. на тэрыторыі Рудабельскай і суседніх валасцей Бабруйскага павета існавала так званая «Рудабельская рэспубліка». Усталяваннем савецкай улады ў гэтым рэгіёне і рэвалюцыйнымі пераўтварэннямі ў воласці кіраваў Рудабельскай валасны рэўкам, які падчас барацьбы з польскім корпусам Доўбар-Мусніцкага (студзень-люты 1918 г.) быў рэарганізаваны ў штаб па фарміраванні Чырвонай гвардыі, а ў часы нямецкай акупацыі ў падраённы камітэт РКП (б).

Гісторыя і баявое мінулае пасёлка знайшлі сваё своеасаблівае адлюстраванне ў яго афіцыйным геральдычным сімвале. Дадзены герб з’яўляецца «гаворачым», ён адлюстроўвае назву населенага пункта – Рудабелка, т.б. рудая (чырвоная) вавёрка. Такія гербы вядомы як у заходнееўрапейскай, так і ў мясцовай геральдычнай традыцыі. Колькасць вавёрак адпавядае колькасці населеных пунктаў, у выніку аб’яднання якіх узнік Акцябрскі.

Княжацкая карона паказвае на прыналежнасць населеных пунктаў да вялікакняжацкіх уладанняў. Кавалерскі крыж – адзін з элементаў радавога герба «Крыўда» шляхецкага роду Лапаў, прадстаўнікі якога ў канцы XVIII ст. заснавалі тут маёнтак Карпілаўка. Ён у сімвалічнай форме адлюстроўвае таксама вайсковую доблесць і адвагу жыхароў гэтых мясцін. Больш за тое, крыж такой формы з’яўляўся галоўнай фігурай у адным з самых старажытных гарадскіх гербаў Беларусі – гербе Гомеля.

Рашэнне аб зацвярджэнні герба г.п. Акцябрскі і палажэнні аб ім былі прыняты Акцябрскім раённым выканаўчым камітэтам 16 снежня 1998 г. № 32.

Аўтар герба і флага А.А. Шпунт, мастак І.А. Шпунт.