г. Ветка
і Веткаўскі раён

G05 VetkaG
G05 VetkaF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 3 жнiўня 2001 г. № 64.

Герб: У чырвоным полі іспанскага шчыта лацінская літара «W» срэбнага колеру.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча чырвонага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога гербавая эмблема – лацінская літара «W».

Ветка была заснавана ў 1685 г. (паводле іншых крыніц ў 1682 г.) стараверамі-уцекачамі з цэнтральных раёнаў Расіі. У XVII–XVIII стст. з навакольнымі слабодамі, манастырамі і скітамі яна была адным з цэнтраў раскольнікаў. У XVIII ст. у Ветцы сфарміраваліся мясцовыя асаблівасці іканапісу, афармлення кнігі і разьбы па дрэве. Таму адным з варыянтаў Веткаўскага герба была прапанавана выява благаслаўляючай рукі з характэрным для старавераў размяшчэннем пальцаў.

Аднак у якасці афіцыйнага сімвала Веткі быў заснаваны герб «Абданк». У аснову быў узяты прыватнаўласніцкігерб роду Халецкіх, на землях якога ў XVII ст. Ветка была заснавана. Галоўная фігура гэтага герба складаецца з двух срэбных крокваў са зрэзанымі донца, звернутых вяршынямі ўніз і злучаных паміж сабой накшталт літары «W». Існуе легенда, што польскі кароль Баляслаў Крываўсты адправіў аднаго з прадстаўнікоў старажытнага роду Скарбекаў у якасці пасла да германскага імператара Генрыха. Калі імператар паказваў яму свае скарбы, якімі вельмі ганарыўся  і пры гэтым не зусім прыемна адзываўся пра Польшчу, Скарбек зняў са сваёй рукі залаты пярсцёнак і кінуў яго ў скарбніцу, за што Генрых падзякаваў яму (Habe dank). У памяць пра гэта ўчынак радавы знак Скарбекаў носіць назву «Габданк», або «Абданк». Гэтым гербам карысталіся шмат польска-беларускіх шляхецкіх родаў, у тым ліку і Халецкія – уладальнікі Веткі. Некаторыя гісторыкі і геральдысты ў паўтарэнні літары V бачуць пачатковыя літары чатырох слоў: Veritas, Victoria, Virtus et Vita, г.зн. ісціна, перамога, дабрачыннасць і жыццё. Верагодна, дадатковым аргументам, для прыняцця дадзенага герба паслужыла графіка гербавай эмблемы з загалоўнай літарай назвы горада пры напісанні яго лацінскім шрыфтам – Wetka. У геральдыцы такі герб называецца літарным.

Рашэнне аб зацвярджэнні герба, флага і палажэнняў аб іх было прынята Веткаўскім раённым Саветам дэпутатаў 17 красавiка 2001 г. № 19.

Аўтар герба і флага С.Я. Рассадзін.