г.п. Капаткевічы

Петрыкаўскі раён

G13 KopatkevichiG
G13 KopatkevichiF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле 21 верасня 2001 г. № 68.

Герб: У блакітным полі іспанскага шчыта тры срэбныя размешчаны паралельна бэлькі, якія звужваюцца да нізу.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, на адным баку злева гербавая эмблема – тры бэлькі белага колеру, размешчаныя паралельна, якія звужваюцца да нізу.

У пісьмовых крыніцах Капаткевічы згадваюцца з сярэдзіны XVI ст. як сяло ў Мінскім ваяводстве. З 1793 г. – цэнтр Капаткевіцкай воласці Мазырскага павета, мястэчка. Капаткевічы ніколі не мелі ўласнага герба, аднак, па архіўных крыніцах вядома, што ў XIV–XVI стст. Капаткевічамі валодала адна з галін старадаўняга беларускага шляхецкага роду Яленскіх герба «Корчак». Сярод яго прадстаўнікоў – П.П. Яленскі – адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гг. у Беларусі і Літве. Як актыўны ўдзельнік антыўрадавых выступаў, у 1863 годзе ён быў рэпрэсаваны і асуджаны на 15 гадоў катаргі ў Сібіры.

Радавы герб «Корчак» мае старажытную гісторыю. Спачатку герб належаў князям Славоніі, адтуль распаўсюдзіўся ў Венгрыю, ў Польшчы вядомы з XIII ст. У Вялікім Княстве Літоўскім атрымаў шырокае распаўсюджванне пасля прыняцця Гарадзельскага прывілея 1413 г.: ім карысталіся каля 270 шляхецкіх родаў Беларусі.

Адзін з іх – вядомы ў Польшчы і Літве род Баратынскіх. Паводле легенды кароль Людовік Венгерскі надаў герб «Корчак» заснавальніку роду Дзмітрыю Бажыдару за яго ўдзел і перамогу над ворагамі на трох рэках, якія працякаюць у Венгрыі – Дунай, Драва і Сава. Пра тры срэбныя паралельныя паласы ў гербе «Корчак», якія сімвалізуюць рэкі, пісаў і польскі храніст XV ст. Ян Длугаш. А Барташ Папроцкі нават напісаў вершы на герб: «Шмат крыві вылівалі гэтыя знакамітыя чашы …», алегарычна апісваючы і бітву, і рэкі. У клейнодзе шляхецкага герба «Корчак», дарэчы, намалявана залатая чаша з сабакам.

У сучасным гербе гарадскога пасёлка выкарыстаны галоўныя элементы герба Яленскіх – тры сярэбраныя бэлькі, якія звужаюцца да нізу. Яны служаць асновай і для флага г.п. Капаткевічы.

Герб і флаг г.п. Капаткевічы зацверджаны рашэннем Капаткевічская пасялковага Савета дэпутатаў ад 22 чэрвеня 2001 г. № 31.

Аўтар герба і флага С.Я. Рассадзін.