г. Рагачоў
і Рагачоўскі раён

G25 RogachevG
G25 RogachevF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 18 мая 2001 г. № 62.

Герб: У залатым полі французскага шчыта чорны барановы рог.

Флаг: Палотнішча жоўтага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, з правага боку выраз у форме «ластаўчын хвост». Пасярэдзіне палотнішча гербавая эмблема – чорны барановы рог. Палотнішча перасякаюць дзве блакітныя лініі, шырыня якіх складае 1/10 частка шырыні флага. Адлегласць паміж лініямі раўна 1,5 шырыні ліній. Поле паміж імі – зялёнае.

Горад стаіць на правым беразе ракі Дняпро, пры ўпадзенні ў яе ракі Друць. Пры зліцці дзвюх рэк ўтвараецца вугал, званы па-беларуску «рогам» і, верагодна, менавіта адсюль і пайшла назва горада. Датай заснавання Рагачова лічыцца 1142 г., калі ён упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе ў сувязі з раздачай кіеўскім князем Усеваладам Вольгавічам сваім братам гарадоў Тураўскай і Уладзімірскай зямель. Найбольш верагодна, што горад вырас з феадальнага замка.

У XIII ст. Рагачоў уваходзіў у склад Вялікага Княства Літоўскага як уладанне князя Даўмонта, у XIV–XVIII стст. – цэнтр Рагачоўскай воласці. У 1509 г. пінскі князь Фёдар Іванавіч і яго жонка Алена завяшчалі Рагачоў Жыгімонту I Старому. У XVI ст. на месцы старажытнага гарадзішча пабудаваны Рагачоўскі замак, які меў стратэгічнае значэнне. Падчас войнаў сярэдзіны XVII ст., горад, які ўваходзіў у сістэму пагранічнай абароны, неаднаразова падвяргаўся пажарам і спусташэнню.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Рагачоў увайшоў у склад Расійскай імперыі і стаў цэнтрам Рагачоўскага павета Рагачоўскай правінцыі. У 1777–1796 і з 1802 г. у складзе Магілёўскай, а ў 1796–1802 гг. – у складзе Беларускай губерняў. Герб горада быў «найвысока зацверджаны» 16 жніўня 1781 г. імператрыцай Кацярынай II: «В верхней части щита, часть герба Могилевского: в золотом поле половина Российского герба. В нижней черный бараний рог, в золотом поле, означающий имя сего города».

Афіцыйны геральдычны сімвал горада ўзноўлены на аснове гістарычнага – у ім захавана асноўная гербавая фігура, якая непасрэдна адносіцца да горада, у геральдыцы такі герб называецца «гаворачым». Герб паслужыў асновай і для стварэння сучаснага флага Рагачова і Рагачоўскага раёна. У ім выкарыстаны жоўты (залаты) колер герба і выява барановага рога. Дзве блакітныя лініі сімвалізуюць дзве ракі, якія праходзяць побач з горадам. Такім чынам, колеры і сімвалы флага абгрунтаваны геральдычна і гістарычна.

Рашэнне аб зацвярджэнні герба, флага і палажэнняў аб іх прыняты раённым Саветам дэпутатаў ад 4 мая 2001 г. № 13-04.