г. Рэчыца
і Рэчыцкі раён

G24 RechitsaG
G24 RechitsaF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 кастрычніка 2005 г. № 490 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 1 лiстапада 2005 г. № Б-45 і Б-46.

Герб: У срэбным полі барочнага шчыта ружовая харугва з выявай вершніка ў срэбных латах на кані таго ж металу з аголеным мячом у правай руцэ і шчытом з падвойным крыжам чырвонага колеру ў левай.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча белага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога – выява герба горада Рэчыцы і Рэчыцкага раёна.

Герб Рэчыцы мае багатую гісторыю. Спрэчкі аб тым, як ён павінен выглядаць сёння, працягваліся доўгі час, паколькі прывілей аб наданні гораду магдэбургскага права не захаваўся і пакуль даследчыкам не вядомы ні гарадская пячатка, ні яе адбіткі. У некаторых крыніцах паказваецца, што Рэчыца ўпершыню атрымала права на самакіраванне ад караля Жыгімонта I (11 лістапада 1511 г.). Пацвярджэнне (канфірмацыя) герба адбылося 26 жніўня 1561 г. пры Жыгімонце II і ў 1596 г. пры Жыгімонце III. Разам з правам горад павінен быў атрымаць герб і пячатку.

У 1566 г. Рэчыца стала цэнтрам Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У артыкуле 12 Статута 1588 г. «О печати нашей господарской, земской и теж о печатях врядовых» гаворыцца, што кожнаму павету была дадзена пячатка з выявай герба «Пагоня». У якасці агульнадзяржаўнага сімвала выява «Пагоні» з’яўлялася элементам ўсіх павятовых гербаў. Рэчыца ж атрымала свой герб значна раней. Легенда звязвае яго паходжанне з падзеямі Грунвальдскай бітвы 1410 г. Па сведчаннях храністаў Папроцкага і Гваньіні, менавіта «Пагоня» была размешчана на харугвах Мінскага, Навагрудскага, Мсціслаўскага, Полацкага і Рэчыцкага палкоў, якія змагаліся пад камандаваннем вялікага князя Вітаўта. Даследчыкі мяркуюць, што, згодна з тагачаснай традыцыяй, наданнем «Пагоні» ў якасці гарадскога герба магла быць адзначана мужнасць Рэчыцкага палка, які, па легендзе, ахоўваў харугвы аб’яднаных польска-літоўскіх войскаў.

У 1793 г. у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Рэчыца ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. З 1796 г. яна стала павятовым горадам Чарнігаўскага намесніцтва, а пазней – цэнтрам павета Мінскай губерні.

У першай палове XIX ст. была створана новая рэдакцыя некаторых гербаў беларускіх гарадоў. Пры іх распрацоўцы Дэпартамент герольды Сената рассылаў запыты-анкеты аб тым, якія гербы выкарыстоўваліся на месцах раней. У адказе Мінскага Дэпутацкага дваранскага сходу былі размешчаны выява і апісанне герба Рэчыцы: «В горном поле – изображение двухголового российского орла, а в дольном – двухроговая хоругва с «Погоней».

Лаканічнасць апісання рэчыцкага герба прымусіла чыноўніка Дэпартамента пакінуць у верхнім полі ліста запіс: «Калі зацверджаны? Даведацца ў архівах». Аднак адказ на гэта пытанне так і не быў знойдзены. Тым не менш, нягледзячы на гэта, герб Рэчыцы быў «найвысока зацверджаны» Мікалаем I 6 красавіка 1845 г.: «Щит разделен на две половины: в верхней половине помещен губернский герб, а в нижней, в белом поле, распущенное в левую сторону двухконечное знамя розового цвета, у которого нижний конец несколько длиннее верхнего; на знамени виден всадник в латах. Сидящий на коне, обращенном в правую сторону; в правой руке всадника обнаженный меч, а на левой руке надет круглый щит, на котором изображен двойной крест».

На Трэціх міжнародных Доўнараўскіх чытаннях, якія адбыліся 14–15 верасня 2001 г., была прынята рэзалюцыя «Аб гербе горада Рэчыцы», у якой падкрэслівалася, што дадзены гістарычны герб з’яўляецца сімвалам гераізму жыхароў Рэчыцы ў барацьбе за свабоду і незалежнасць свайго і іншых славянскіх народаў.

Палажэнні аб гербе і флагу зацверджаны рашэннем Рэчыцкага раённага савета дэпутатаў ад 6 верасня 2002 г. № 119.