г. Жлобін

Жлобінскі раён

G10 ZhlobinG
G10 ZhlobinF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 28 студзеня 2002 г. № 80.

Герб: У блакітным полі іспанскага шчыта срэбна-чорная ладдзя.

Флаг: Блакітнае прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога гербавая эмблема – бела-чорная ладдзя.

Жлобін, мабыць, адзін з нешматлікіх гарадоў Беларусі, у распрацоўцы афіцыйнага гарадскога сімвала якога ўдзельнічала вельмі вялікая колькасць зацікаўленых асоб. Праца над гербам актыўна вялася на працягу двух гадоў. У ёй бралі ўдзел не толькі прадстаўнікі мясцовых органаў улады і дзяржаўныя служачыя, але і шырокія колы гарадской грамадскасці –настаўнікі, школьнікі, ветэраны, мастакі, прадстаўнікі самых розных прафесій. У горадзе быў аб’яўлены конкурс на лепшы герб, які праходзіў у некалькі этапаў, створана спецыяльная камісія па распрацоўцы герба. На старонках раённай друку вялася дыскусія пра тое, якім быць жлобінскаму гербу. Яго праекты сур’ёзна абмяркоўваліся і нават абараняліся на «Дні дэпутата» ў гарадскім выканаўчым камітэце. У геральдычную службу былі прадстаўлены дзесяткі праектаў герба, якія у той ці іншай меры адпавядаюць інтарэсам і густам яго жыхароў, а таксама адлюстроўваюць гісторыю горада, яго сучасны стан, прыродныя асаблівасці краю.

Супрацоўнікі Белкамархiва, якія займаюцца гарадской геральдыкай, у сваю чаргу прапанавалі герб з выявай легендарнай фігуры – грыфона з мячом. Асноўным аргументам пры гэтым быў гістарычны факт валодання магнацкім родам Хадкевічаў горадам Жлобін ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Аднак, камісія па распрацоўцы герба не прыняла гэты праект, паколькі жыхары хацелі бачыць на афіцыйным сімвале свайго горада нешта больш зразумелае і даступнае. Таму члены камісіі пад старшынствам У.К. Ерафеева правялі вельмі вялікую і творчую працу па экспертызе прадстаўленых праектаў.

На заключным этапе конкурсу з’явілася ідэя размясціць на гербе Жлобіна ладдзю. У апошнім праекце за кошт развароту корпуса судна на ¾, выява на гербавым полі атрымалася аб’ёмнай, эфектнай, што з’яўляецца рэдкім выключэннем у геральдыцы. У цэлым увесь герб выглядае строгім і ўрачыстым. У сімволіцы карабель, ладдзя тлумачацца як сімвал падарожжа, у прыватнасці падарожжа па жыцці. Жлобін – адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Беларусі – стаіць на высокім беразе Дняпра. Ён паўстаў на зямлі, здаўна заселенай людзьмі, на гістарычным гандлёвым шляху з «варагаў у грэкі». І ладдзя на гербе горада накіравана як бы з мінулага ў будучыню.

Герб і флаг г. Жлобіна і палажэнні аб іх зацверджаны рашэннем Жлобінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 28 снежня 2001 г. № 962.