г. Добруш
і Добрушскі раён

Герб г.Добруша и Добрушского района
Флаг г. Добруша и Добрушского района

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 6 красавiка 2001 г. № 54.

Герб: У зялёным полі французскага шчыта тры бухты ліны срэбнага колеру з чорнымі швамі.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча зялёнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога гербавая эмблема – тры белыя бухты ліны.

Добруш вядомы з 1560 г. як вёска Гомельскага староства Рэчыцкага павета. З 1772 г., пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай – у складзе Расійскай імперыі. Каля 1795 годзе тут было заснавана некалькі мануфактур, у тым ліку палатняна-парусінавая, на якой у 1812 г. працавала 60 рабочых. Да 1834 г. Добруш знаходзіўся ў складзе Гомельскага маёнтка графа П.А. Румянцава-Задунайскага. Пазней гэта маёнтак набыў граф І.Ф. Паскевіч, нашчадкі якога ў 1870 г. заснавалі ў Добрушы папяровую фабрыку. У канцы XIX ст. ў Добрушы пражывалі больш за 1 тыс. жыхароў, мелася некалькі невялікіх прамысловых прадпрыемстваў, царква, школа, бальніца, крамы, аднак статус горада Добруш атрымаў толькі ў 1927 годзе.

У «Гербазнаўцы», які выдаецца Рускай геральдычнай калегіяй, гаворыцца, што Добруш развіўся «з прамысловага, акружанага з усіх бакоў лясамі, мястэчка, вядомага вытворчасцю ліны, ветразяў і драўляных вырабаў». І далей: «У … (дата не паказаная) годзе быў “найвысока зацверджаны” герб горада Добруш з наступным апісаннем: «В зеленом поле три бухты каната серебряного цвета с черными швами». Наданне герба Добрушу, як дапускае С.Я. Рассадзін, «… адбылося падчас царствавання Кацярыны Другой, у канцы XVIII ст., бо менавіта тады афіцыйна зацвярджаецца цэлая серыя гарадскіх гербаў, распрацаваных Расійскай геральдмайстарскай канторай у такім жа стылі. Гербы такога кшталту адлюстроўвалі вытворча-эканамічную спецыфіку населенага пункта».

Такім чынам, стаяла задача не стварэння, а аднаўлення гістарычнага герба. Асноўная цяжкасць пры рэканструкцыі герба заключалася ў правільнай перадачы выявы бухтаў ліны, якую выраблялі у Добрушы і якая ішла на продаж два стагоддзі таму. У энцыклапедычным слоўніку Ф.А. Бракгаўза і І.А. Эфрона, выдадзеным у 1891 г., прыводзіцца яе апісанне: «Бухта – так называемая всякая снасть (трос, веревка), сложенная в виде кругов, цилиндров, эллипсов или другой формы. В продажу этот товар (канат) поступает намотанным в клубки на цилиндрические деревяшки». Па правілах геральдыкі гербавая выява павінна займаць найбольшую плошчу шчыта, таму лагічна было размясціць тры бухты ліны так, як яны прадстаўлены ў эталонным варыянце.

Флаг быў распрацаваны на аснове герба з выкарыстаннем тых жа колераў і асноўных элементаў.

Рашэнні аб зацвярджэнні герба і флага г. Добруша і Добрушскага раёна прыняты раённым выканаўчым камітэтам ад 29 сакавiка 2001 г. № 214 і раённым Саветам дэпутатаў 30 сакавiка 2001 г. № 47.

Аўтар рэканструкцыі М.М. Елінская.