г. Буда-Кашалёва

Буда-Кашалёўскі раён

G03 BudaKoshelevoG
G03 BudaKoshelevoF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 4 чэрвеня 2002 г. № 86.

Герб: У іспанскім шчыце дзесяць роўнавялікіх перавязей зялёнага і чорнага колераў з правага верхняга ў левы ніжні вугал.  У цэнтры выява залатога звана.

Флаг: На палотнішчы з суадносінамі бакоў 1:2 чаргуюцца трынаццаць роўнавялікіх перавязей зялёнага і чорнага колераў з левага верхняга ў правы ніжні вугал. У цэнтры правага боку палотнішча размешчана гербавая эмблема – выява звана жоўтага колеру.

Буда-Кашалёва да 1861 г. меў статус вёскі Кашалёўскай воласці Рагачоўскага павета. У 1873 г. тут была пракладзена ветка Лібава-Роменскай чыгункі. У сучаснай беларускай геральдыцы пры распрацоўцы новых гербаў часта кіруюцца гістарычным прынцыпам, пры якім пад увагу прымаюцца асаблівасці развіцця горада ці якая-небудзь важнае гістарычная падзея ў мінулым. У дадзеным выпадку улічваўся той факт, што рост і развіццё Буда-Кашалёва пачаліся пасля пракладкі чыгункі і пабудовы тут чыгуначнай станцыі. У XIX ст. звон быў неад’емнай часткай на такіх прыпыначных пунктах. У нейкаторай ступені ён вызначаў увесь уклад жыцця правінцыйных гарадоў: апавяшчаў аб прыбыцці і адпраўленні цягнікоў; прыстаўлены да яго спецыяльны служыцель ў пэўны час адбіваў ўдары ў звон. Яго гук ведалі ўсе жыхары горада, звяралі па ім час.

У геральдыцы і сімволіцы звон мае глыбокае значэнне і асаблівасці культавага знака. У Цэнтральнай Еўропе лічылася, што вышынёй свайго гучання звон прадказваў шчасце ці няшчасце, ён быў закліканы несці радасць людзям.

Залаты звон Буда-Кашалёва размешчаны на фоне чорна-зялёных перавязкаў, якія з’яўляюцца так званымі першараднымі геральдычнымі фігурамі і вельмі распаўсюджаны як у беларускай, так і міжнароднай геральдыцы.

Герб і флаг зацверджаны рашэннем Буда-Кашалёўскага раённага Савета дэпутатаў 27 снежня 2001 г. № 58.

Аўтар і мастак герба і флага М.М. Елінская.