г.Паставы

Пастаўскі раён

V33 PostavyG
V33 PostavyF

Герб заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2006 года № 36 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 6 лютага 2006 года № Б-71. 

Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2009 г. № 277 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 4 чэрвеня 2009 г.  № Б-169.

Герб: У блакітным полі французскага шчыта пірамідальна расцягнутая рыбалоўная сетка, уверсе – тры залатыя рыбкі, звернутыя пад вуглом галовамі ўніз.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2. У цэнтры правага боку палотнішча размешчана пірамідальна расцягнутая рыбалоўная сетка белага колеру, над якой – выявы трох рыбін жоўтага колеру, пакладзеных вуглом і звернутых галовамі ўніз.

Горад вядомы з 1552 г. як прыватнаўласніцкае мястэчка Ашмянскага павета Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Належала магнатам Дэспатам-Зяновічам. У 2-й палове XVIII ст. Паставы перайшлі ў валоданне надворнага падскарбія Вялікага Княства Літоўскага А. Тызенгаўза, па ініцыятыве якога тут былі пабудаваны фабрыкі, ткацкія майстэрні, архітэктурны комплекс з жылых дамоў, гандлёвых радоў і палаца. У 80-я гг. XVIII ст. у горадзе была створана свецкая школа, дзейнічала тэатральная школа Тызенгаўза, пераведзеная пазней у Гродна.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Паставы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, да 1796 г. – цэнтр павета. З 1796 г. Паставы адносіліся да Дзісненскага павета Мінскай губерні. Да таго часу ў горада не было свайго герба. Ён быў распрацаваны ў Геральдмайстарскай канторы ў рамках рэалізацыі ўрадавага ўказа 1775 года аб рэформе мясцовага кіравання ў маштабах усёй Расіі.

Герб Паставаў быў заснаваны Кацярынай II 22 студзеня 1796 г. разам з гербамі іншых беларускіх гарадоў. У поўным зводзе законаў Расійскай імперыі прыводзіцца апісанне і тлумачэнне герба г. Паставы: «В уезде сего города при местечке Мяздоле в озере производится обильная рыбная ловля довольствующая Губернский город Минск и другия; в знак сего в голубом поле изображена в низу пирамидально растянутая серебряная рыболовная сеть, а сверху таким же образом углом положены и обращены головами в низ три золотыя рыбы».

Герб і флаг Паставаў і палажэнні аб іх зацверджаны рашэннямі Пастаўскага раённага Савета дэпутатаў ад 25 чэрвеня 2002 г. № 118 і ад 26 верасня 2008 г. № 95.