г.Полацк

Полацкі раён

V32 PolotskG
V32 PolotskF

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 15 ліпеня 1994 г. № 4.

Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2006 года № 36 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 6 лютага 2006 года № Б-79.

Герб: У блакітным полі барочнага шчыта залаты трохмачтавы карабель з распушчанымі срэбнымі ветразямі на хвалях таго ж металу.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з трох роўнавялікіх вертыкальных палос: двух блакітнага колеру, размешчаных па краях, і цэнтральнай паласы белага колеру, на якой герб горада Полацка.

Герб Полацка мае шматвяковую гісторыю. Літоўскі гісторык Э. Рымша ў сваім фундаментальным даследаванні аб гарадскіх пячатках Вялікага Княства Літоўскага прыводзіць больш за дзесятак разнастайных адбіткаў гарадскіх пячатак Полацка. На адной з іх, якая адносіцца да 1499 г., выява трохмачтавага карабля з постаццю у біскупскім адзенні.

Беларускі даследчык А.К. Цітоў прыводзіць прывілей караля Стэфана Баторыя 1580 г. на магдэбургскае права, у якім апісваецца герб Полацка: «А да справованью запатрабуе мясцком нада ім да друку мясцком герб, карабель окрентовай, якога і перад тым месца Полацкае ўжываюцца…». Менавіта таму, з дастатковай доляй верагоднасці можна сцвярджаць, што першы гарадскі герб з выявай трохмачтавага судна, існаваў з XVI ст. або з канца XV ст. Гэта адзін з найбольш старажытных гарадскіх гербаў Беларусі.

Дарэвалюцыйныя і сучасныя гісторыкі, А.Б. Лакіер, Н.А. Собалева, В.С. Драчук і іншыя, гаворачы пра развіццё гарадской геральдыкі ў Расіі, прыводзяць цікавыя звесткі і пра беларускія гербы, у прыватнасці, пра полацкі. У 1672 г. быў складзены першы рускі гербоўнік – «Царскі тытулярнік». У ім змешчана Вялікая дзяржаўная пячатка цара Аляксея Міхайлавіча, вырабленая пасля Андрусаўскага перамір’я 1667 г. – па крузе ад двухгаловага дзяржаўнага арла ў цэнтры размешчаны гербы царстваў, княстваў і зямель, назвы якіх уваходзілі ў царскі тытул. Сярод іншых выяваў прысутнічае і герб Полацка: «вершнік, які скача налева, з узнятым мячом, у левай руцэ шчыт з выявай такога ж вершніка».    

21 верасня 1781 г. Полацк, як цэнтр намесніцтва, атрымаў чарговы афіцыйны герб: «Щит разделен на двое: в верхнем, золотом поле возникающий Государственный орел; в нижней части – в серебряном поле, старый герб: на коне воин, держащий в правой руке саблю; на левой реке надет красный щит с двойным на оном крестом».

Флаг горада Полацка заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Яго стваральнікі выкарыстоўвалі асноўныя гербавыя колеры, а ў цэнтры палотнішча размясцілі гарадскі герб.